BE RU EN

Ілона Карпюк распавяла пра мерапрыемствы да Дня Волі ў Беластоку

  • 20.03.2025, 21:07

Яны будуць праходзiць 23 па 26 сакавіка.

З 23 па 26 сакавіка ў Беластоку адбудзецца шэраг падзеяў, прымеркаваных да Дня Волі. Гэта будзе час мастацтва, музыкі, тэатра і памяці, які аб’яднае беларусаў і ўсіх, хто падзяляе ідэалы свабоды.

Госця «Рацыі» – намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Ілона Карпюк расказала, што чакае гасцей і ўдзельнікаў:

– Набліжаецца 25 сакавіка, важны дзень для беларусаў. Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў.

– Цэнтр беларускай культуры, як звычайна ўжо, хоць яшчэ і кароткая гісторыя нашага Цэнтру, б ён існуе нядаўна, але ўсё ж такі ён актыўна ўключаецца ў святкаванне Дня Волі. І тут у першую чаргу найважнейшае, з нашага пункту гледжання, – арганізацыя супольнага канцэрту. Канцэрт ладзіцца Цэнтрам, вядома, пры арганізацыйнай падтрымцы камітэту, які ўключае шмат заангажаваных людзей.

Агулам мерапрыемстваў шмат у гэтым перыядзе – з 23 па 26 сакавіка. Але я ў першую чаргу хачу распавесці пра канцэрт, які пройдзе дакладна 25 сакавіка ў 18.30 ў канцэртнай зале комплексу музычных школ. У гэтым годзе запрасілі міжнародны мужчынскі хор «Унія» з Вільні. Гэты хор мае сваю гісторыю з 90-га году. Шмат канкрэтнай працы выканаў на полі харавой музыкі, захавання беларускіх песень, гімнаў. І з гэтым у асноўным асацыюем гэты хор. Зараз працуе ў нейкім сэнсе на выгнанні, але з другога боку, рэактывацыя хору ў новых абставінах у Вільні – гэта таксама такая з’ява, якую ствараюць беларусы, але ж у хоры спяваюць таксама палякі, украінцы, запрашаюцца літоўцы, якія таксама спяваюць. Так што фактычна гэта міжнароднае асяроддзе, але якое захоўвае перш за ўсё каштоўнасці беларускай культуры. І таму ў праграме ў першую чаргу прагучаць беларускія маршы, гімны і песні, якія ведаем яшчэ з легендарнага альбому, запісанага ў 1998 годзе па ініцыятыве тыднёвіка «Наша Ніва» і хору «Унія».

Але таксама пачуем песні на літоўскай мове, на польскай, на украінскай. Хацелі, каб гэты канцэрт быў для нас, беларусаў, вялікім святкаваннем, а з другога боку, адлюстроўваў тое, што зараз адбываецца ў свеце, што жывём у міжнародных асяроддзях, культурных асяроддзях, што сітуацыя ў Беларусі не дазваляе развіваць сваю культуру на сваёй роднай зямлі, і шмат людзей працуе ў розных абставінах, ствараючы такое ж міжнароднае асяроддзе, але таксама і асяроддзе, якое павінна сябе ўзаемна падтрымліваць. І такім чынам мы падтрымліваем хор «Унія», які апынуўся ў новых абставінах, а з другога боку, хочам, каб гэты канцэрт паказваў перадусім салідарнасць, бо лічым, што арганізацыя канцэрту на Дзень Волі ў Беластоку – гэта, з аднаго боку, важны дзень для беларусаў, а тут у Беластоку ён адзначаецца з канца 80-х гадоў, а з другога боку, каб гэта быў акт салідарнасці з беларусамі, проста з людзьмі, якія патрабуюць падтрымкі, якіх жыццё кінула ў нечаканыя месцы, бо хацелі жыць на роднай зямлі. Такіх гісторыяў ведаем шмат. І таму такія моманты сустрэчы вакол ідэяў і пры нагодзе пры добрай музыцы, якаснай культурнай падзеі, гэта, думаю, важна. Вядома, што канцэрт таксама папярэдзіць гэтак званая афіцыйная частка, і, напэўна, таксама будзем гаварыць пра важныя для нас справы, і таксама падзякуем тым, хто праяўляе актыўнасць у дзейнасці грамадзянскай, культурнай – гэта ўжо наша традыцыя.

– У мінулым годзе такое мерапрыемства наведалі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, ваяводства. Сёлета чакаюць такіх высокіх гасцей? Хто яшчэ можа быць?

– Чакаем, як кожны год. Думаю, калі гаварыць пра салідарнасць, то мясцовыя ўлады таксама павінны прысутнічаць на такім мерапрыемстве. А святкаванне ўвогуле пачнецца 23-га, бо 23-га ўжо традыцыйна хочам сустрэцца на пляцы. Так што беларускія суполкі таксама прынялі рашэнне, каб такую сустрэчу наладзіць, і яна адбудзецца пры падтрымцы гарадскіх уладаў. Так што тут таксама выказваем падзяку. Цэнтр працуе ў рамках маршалкоўскай управы, так што шматбаковая падтрымка ёсць, заўсёды на мерапрыемствах ёсць прадстаўнік падляшскага ваяводы, ён заўсёды актыўна прысутнічае, таксама як, напрыклад, адкрываў Дзень роднай мовы, узгадваючы імя Віктара Шведа. Гавару гэта не без прычыны, бо таксама запрашаю супольна адзначаць 100-годдзе Віктара Шведа. 23-га, у нядзелю, адбудзецца прэм’ерны спектакль. Цэнтр вырашыў адсвяткаваць юбілей тэатральнай пастаноўкай. Запрасілі да гэтай працы Іаану Троц, якая шмат гадоў працуе ў гэтай галіне, і таксама выхаваная тут на беларускай літаратуры, на ўроках беларускай мовы. І з гэтага пачалася яе гісторыя. І ў дзяцінстве сустракалася з Віктарам Шведам неаднойчы ў рамках школьных актыўнасцяў. Запрашаем! Адзін прэм’ерны паказ адбудзецца у нядзелю, 23 сакавіка, у 14.00, але таксама ў панядзелак два школьныя паказы. Так што запрашаем школы а 9-й і а 11-й гадзіне ў панядзелак. Спектакль будзе паказаны ў камернай зале Падляшскай оперы і філармоніі.

последние новости