BE RU EN

«Працаваць праз Zoom ды іншыя «небеларускія» рэсурсы будзе нельга»

  • 31.03.2025, 10:10

Чыноўнікі ўзяліся за яшчэ адну катэгорыю працаўнікоў.

Рэпетытараў і іншых самазанятых хочуць істотна абмежаваць у працы. Адпаведны законапраект падрыхтавала і вынесла на грамадскае абмеркаванне Міністэрства адукацыі.

Гаворка пра рэпетытараў, настаўнікаў-дэфектолагаў, а таксама тых, хто навучае музыцы, вакалу, танцам, выяўленчаму мастацтву, працы на персанальным камп'ютары, заўважыла «Зеркало». У прапанаваным законапраекце прадугледжваецца, што рэпетытарскія заняткі і паслугі настаўніка-дэфектолага павінны будуць ажыццяўляцца не ў групах, а толькі індывідуальна. Заняткі рэпетытара павінны будуць адпавядаць праграме, якую ў адпаведны момант спажывец праходзіць у сваёй навучальнай установе.

Навучацца рабоце на персанальным камп'ютары, выяўленчаму мастацтву, музыцы, танцам, вакалу, аратарскаму мастацтву можна будзе толькі паўналетнім асобам. Заняткі пры гэтым павінны быць індывідуальнымі або ў групах да чатырох чалавек.

Асобна адзначаецца, што рэпетытарам пры дыстанцыйным навучанні будзе не дазволена карыстацца падчас навучання Zoom і іншымі "небеларускімі" рэсурсамі, а толькі "інфармацыйнымі сеткамі, сістэмамі і рэсурсамі нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку".

Калі гэты законапраект будзе прыняты і набудзе моц, яшчэ невядома. Яго грамадскае абмеркаванне працягнецца да 10 красавіка.

Апошнія навіны