BE RU EN

«Кааліцыя ахвочых»: еўрапейскія санкцыі супраць Расеі прадоўжаць дзейнічаць

  • 27.03.2025, 18:27

Галоўныя вынікі саміту.

Пасля таго, як саміт «кааліцыі ахвочых» скончыўся, прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер разам з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім зрабілі кароткі падыход да прэсы, паведамляе BBC

Стармер абазначыў тры галоўныя вынікі мінулага саміту.

«Па-першае, вялікую падтрымку Украіны, каб пераканацца, што Украіна знаходзіцца ў максімальна моцнай пазіцыі... Па-другое, поўную яснасць, што цяпер не час для скасавання санкцый, зусім наадварот», – заявіў ён (цытата паводле агенцтва Reuters).

Пасля гэтага Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэм'еру Вялікай Брытаніі і Францыі за іх падтрымку, паўтарыўшы, што ніякія санкцыі не павінны быць скасаваныя, пакуль Расея не спыніць вайну.

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, які сыходзіць, услед за Стармерам заявіў пасля саміту ў Парыжы, што скасаванне санкцый супраць Расеі цяпер будзе «сур'ёзнай памылкай».

З яго слоў, «няма ніякага сэнсу касаваць санкцыі, пакуль не будзе дасягнуты мір».

«На жаль, мы ўсё яшчэ далёкія ад гэтага», - дадаў Шольц.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон па выніках саміту «кааліцыі ахвочых» заявіў, што ўдзельнікі пагадзіліся працягваць падтрымліваць Украіну і яе войска, дадаўшы, што яшчэ не час касаваць санкцыі супраць Расеі. Ён таксама паабяцаў працягваць ціснуць на Расею і яе ценявы флот танкераў.

Акрамя таго, паводле слоў прэзідэнта Францыі, на пасяджэнні вызначылі даручыць кіраўнікам МЗС удзельнікаў кааліцыі цягам трох тыдняў падрыхтаваць прапановы аб тым, як можна было б кантраляваць спыненне агню ва Украіне.

Таксама Макрон заявіў, што ва Украіну будзе накіраваная франка-брытанская дэлегацыя вайскоўцаў для працы з УСУ «для планавання іх будучыні».

Гаворачы аб магчымых міратворчых сілах, Макрон заявіў, што яны ўсё яшчэ знаходзяцца ў стадыі фармавання. Прэзідэнт Францыі зноў запэўніў, што яны не будуць знаходзіцца на лініі судакранання, а неабходныя як інструмент «стрымлівання» пасля падпісання замірэння.

Апошнія навіны