«Кааліцыя ахвочых»: у Парыжы стартавала сустрэча лідараў 31 краіны
- 27.03.2025, 14:33
У сталіцу Францыі прыбыў і прэзідэнт Украіны.
У Парыжы 27 сакавіка пачалася сустрэча "кааліцыі ахвочых", на якой лідары 31 краіны будуць абмяркоўваць падтрымку Украіны ў стрымліванні расейскай агрэсіі і дасягненні міру. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Офіса прэзідэнта Украіны.
Выданне Sky News паведамляе, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, лідар Францыі Эмануэль Макрон і прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармер правялі кароткую сустрэчу ў Елісейскім палацы перад пачаткам сустрэчы "кааліцыі ахвочых".
Са звестак выдання, лідары правялі кароткую сустрэчу перад пачаткам “шырэйшых перамоў”.
Падчас перагавораў будуць абмяркоўвацца пытанні ўмацавання ўкраінскага войска і абаронна-прамысловага комплексу, мірныя перамовы і першыя крокі да спынення агню.
Лідары таксама разгледзяць магчымасць разгортвання гарантыйных сіл ва Украіне як частка будучага мірнага ўрэгулявання пры падтрымцы ЗША.
У сустрэчы "кааліцыі ахвочых" бяруць удзел прэзідэнт Украіны, а таксама лідары Францыі, Літвы, Фінляндыі, Кіпра, Румыніі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Балгарыі, Даніі, Гішпаніі, Харватыі, Эстоніі, Грэцыі, Ірландыі, Ісландыі, Італіі, Латвіі, Люксембурга, Нарвэгіі, Швэцыі, Турцыі, Еўрапейскай рады і Еўрапейскай камісіі і NATO. На ўзроўні амбасадараў прадстаўленыя Аўстрыя, Аўстралія і Канада.