Паўночная Карэя накіравала ў Расею яшчэ 3000 салдат
- 27.03.2025, 12:04
Таксама Пхеньян перадае балістычныя ракеты.
У студзені і лютым КНДР перакінула ў Расею дадаткова блізу 3000 жаўнераў, каб папоўніць свае страты на вайне супраць Украіны, паведаміў Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі, перадае AP. Са звестак ведамства, разам з войскамі Пхеньян адправіў "значную колькасць" балістычных ракет малой далёкасці, 170-міліметровыя самаходныя гаўбіцы і блізу 220 адзінак 240-міліметровых рэактыўных сістэм залпавага агню.
Першапачаткова КНДР дала прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну 11 000 салдат для дапамогі з выцясненнем Узброеных сіл Украіны з Курскай вобласці. З ацэнак Сеула, 4 000 з іх былі забітыя або параненыя. У выніку паўночнакарэйскія часткі вывелі з перадавой на адпачынак і перафармаванне. Выведка Паўднёвай Карэі звязвала высокія страты КНДР з тым, што войскі Кім Чэн Ына былі не прыстасаваныя да сучаснай вайны, значную ролю ў якой адыгрываюць беспілотнікі. Акрамя таго, расейскае камандаванне часта адпраўляла іх у штурмы без агнявой падтрымкі. Тым не менш, паўночнакарэйцы паступова набываюць баявы досвед і адыгрываюць важную ролю ў стратэгіі Пуціна супраць Украіны, якая прадугледжвае вайну на знясіленне і дасягненне мэт за кошт большай колькасці рэсурсаў.
Аб перакідванні Пхеньянам дадатковых сіл у Расею ў лютым паведамлялі крыніцы паўднёвакарэйскага выдання JoongAng. Яны сцвярджалі, што з пачатку 2025 года Кім накіраваў Пуціну сама меней 1 000 байцоў - іх транспартавалі ў Курскую вобласць з дапамогай расейскіх суднаў і вайсковых самалётаў. Пры гэтым падмацаванне ўключала падраздзяленні мотапяхоты, сапёраў і электроннай выведкі, якіх не было ў раней дасланым кантынгенце.
Паглыбленне супрацоўніцтва паміж Масквой і Пхеньянам пачалося пасля візіту Пуціна ў Паўночную Карэю летам 2024 года. Тады ён і Кім Чэн Ын падпісалі пагадненне аб стратэгічным партнёрстве, якое прадугледжвае ўзаемную вайсковую дапамогу ў выпадку нападу. 21 сакавіка гэтага года ў Пхеньян накіраваўся сакратар Рады бяспекі РФ Сяргей Шайгу. Падчас сустрэчы з ім Кім Чэн Ын выказаў непахісную падтрымку вайне Расеі супраць Украіны і пацвердзіў сваю прыхільнасць выкананню дамовы з Пуціным.