ISW: РФ адпрэчыла ідэю Трампа пра ЗАЭС
- 27.03.2025, 11:35
Крэмль атрымаў магчымасць сарваць перамовы Украіны з ЗША.
Расея адпрэчыла ідэю Дональда Трампа аб тым, каб Запарожская атамная электрастанцыя перайшла ў амерыканскую ўласнасць або ЗША далучылася да яе эксплуатацыі.
Пра гэта ідзе размова ў новай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ISW звяртаюць увагу на тое, што расейскія чыноўнікі фактычна наўпрост адхілілі нядаўнюю здагадку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што ЗША маглі б далучыцца да эксплуатацыі акупаванай Расеяй Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС). 19 сакавіка падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў тым, каб узяць пад кантроль ЗАЭС, якую зараз акупуюць расейскія войскі - відавочна, маючы на ўвазе, што Расея павінна будзе саступіць гэтую тэрыторыю ў Запарожскай вобласці, перш чым ЗША змогуць атрымаць кантроль над ЗАЭС.
Аднак 26 сакавіка Міністэрства замежных спраў Расеі (МЗС) заявіла, што перадача тэрыторыі ЗАЭС або кантролю над ёй Украіне ці любой іншай краіне з'яўляецца "немагчымай" і што магчымасць супольнай эксплуатацыі Расеяй ЗАЭС з любой краінай з'яўляецца "непрымальнай". У МЗС Расеі дадалі, што было б "абсурдам" дазваляць любой міжнароднай арганізацыі дапамагаць у эксплуатацыі ЗАЭС. Расейскае МЗС таксама спрабавала апраўдаць незаконную акупацыю станцыі Расеяй, сцвярджаючы, што ўказам Уладзіміра Пуціна ад кастрычніка 2022 года ЗАЭС нібыта "перадалі" пад юрысдыкцыю Расеі. 26 сакавіка віцэ-прэм'ер-міністр Расеі Аляксандр Новак таксама заявіў, што Расея не разглядае супольную з ЗША эксплуатацыю ЗАЭС.
У ISW нагадваюць, што Крэмль рэгулярна фальшыва прадстаўляе РФ як нібыта адзінага бяспечнага аператара ЗАЭС - нягледзячы на тое, што менавіта войскі РФ паставілі станцыю пад пагрозу, акупаваўшы яе тэрыторыю ў сакавіку 2022 года. Расея захоўвала вайсковую тэхніку каля рэактараў ЗАЭС і ў машынных залах, а таксама выкарыстоўвала тэрыторыю ЗАЭС для запуску ўдарных беспілотнікаў. Крэмль таксама рэгулярна абвінавачвае Украіну ў нібыта стварэнні пагроз для ЗАЭС і можа паспрабаваць узмацніць гэтыя наратывы, каб падарваць бягучыя амерыкана-ўкраінскія перамовы, прагназуюць у ISW.