Гамяльчук узрываў петарды каля газаправода і трансляваў гэта ў інтэрнэце
- 27.03.2025, 10:32
Яму прызначылі 15 дзён арышту.
15 дзён адміністрацыйнага арышту прызначыў суд жыхару Гомеля. Хлопец узрываў піратэхніку каля газаправода і чыгункі, паралельна транслюючы гэта ў інтэрнэце.
У матэрыялах справы, як выявіла «Зеркало», сцвярджаецца, што маладзён запускаў петарды ў Гомелі каля гаражнага кааператыва і чыгуначнага палатна. На судзе хлопец патлумачыў, што абраў гэтае месца, бо палічыў яго дастаткова адасобленым. Трансляцыя ў інтэрнэце, паводле ягоных слоў, прызначалася толькі аднаму чалавеку.
Але відэа з выбухамі ўбачылі і сілавікі. Неўзабаве пасля стрыму гамельчука затрымалі, а пры ім знайшлі піратэхнічныя вырабы.
Маладзён прызнаў сваю віну. У сваё апраўданне ён сказаў, што выбухі ўчыняў на адлегласці пяці-шасці метраў ад газаправода. Суд улічыў гэты факт, а таксама шчырае раскаянне. Аднак гамельчука ўсё адно прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і адправілі пад адміністрацыйны арышт.
Дарэчы, продаж піратэхнікі ў Беларусі забаронены з 4 студзеня.