BE RU EN

Наталля Радзіна: Лукашэнка крычыць «Гвалт!»

  • Наталля Радзіна
  • 27.03.2025, 17:01

Дыктатар нездарма прызначыў «інаўгурацыю» на Дзень Волі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна дала вялікае інтэрв'ю YouTube-каналу вядомага расейскага журналіста Яўгена Кісялёва. Адная з галоўных тэм - «інаўгурацыя» Лукашэнкі, якая прайшла ў Менску 25 сакавіка. Наталля Радзіна назвала гэтае дзейства «нікчэмным»:

- Абсалютна пустыя праспекты Незалежнасці і Перамогі, па якіх ехаў картэж Лукашэнкі, поўная адсутнасць якіх-небудзь людзей.

На адным адцінку сабралі купку работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія памахалі чырвона-зялёнымі афіцыйнымі сцяжкамі. Потым Лукашэнка прыехаў на міні-парад, дзе маршавалі вайскоўцы, усё праходзіла ў такім «паўночнакарэйскім» стылі. Лукашэнка чамусьці быў у брудным пінжаку.

Потым ён выступаў у Палацы Незалежнасці, куды прымусова сагналі чыноўнікаў. Дыктатар казаў пра 80-годдзе перамогі над фашызмам, доўга расказваў, што «ён нікуды не сыдзе, зберажэ краіну». Пасля зноў абяцаў змагацца з карупцыяй. Вось ужо 31 год змагаецца. Пад гэтымі лозунгамі Лукашэнка і прыйшоў у 1994 годзе да ўлады.

Увогуле, выглядала гэта як «старычына стары, старычына хворы, старычына загаворваецца». Гэта было бачна нават па тварах чыноўнікаў. Сённяшні Лукашэнка - гэта, уласна, Брэжнеў, ён вельмі нагадвае генеральнага сакратара СССР.

Беларуская журналістка звяртае ўвагу на дату, калі праходзіла «інаўгурацыя» Лукашэнкі — 25 сакавіка:

- Гэта Дзень Волі, свята, якое Лукашэнка заўсёды ненавідзеў усім сваім савецкім прарасейскім нутром. Хаця, здавалася б, гісторык паводле адукацыі, але ненавідзіць дзень абвяшчэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Важна тое, што, ненавідзячы гэтае свята, душачы на працягу дзесяцігоддзяў дэманстрацыі апазіцыі ў гэты дзень, ён правёў сваю ўласную «інаўгурацыю» ў Дзень Волі. І вось у гэтым я ўбачыла крык роспачы. Дыктатар крычыць «Гвалт!»

Наталля Радзіна мяркуе, што Лукашэнка «падае сігнал Захаду»:

- Гэта сігнал аб тым, што сёння існуе рэальная пагроза страты незалежнасці Беларусі. Мы з вамі абмяркоўвалі ў мінулай праграме сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі. Але тады зрабілі акцэнт на словах Пуціна аб тым, што не будзе ніякага замірэння, ён не згодзен на ўмовы ЗША. І вось мы не абмеркавалі, а чаму, уласна, Пуцін сустракаўся з Лукашэнкам.

Менавіта ў той дзень у Маскве быў спецпасланнік прэзідэнта Трампа Уіткаф і чакаў сустрэчы з Пуціным. Восем гадзін яго не прымалі, бо былі размовы з Лукашэнкам. Дык вось, з'явілася інфармацыя, у тым ліку з дастаткова дакладных крыніц, што Лукашэнка прыехаў пасля гэтай сустрэчы ў Менск чорным. Вось даслоўна чорным, бо Пуцін паставіў яму жорсткія ўмовы, што Беларусь мусіць увайсці ў склад РФ.

Не выключана, што адразу пасля гэтага беларуская тэрыторыя будзе больш актыўна выкарыстоўвацца ў вайне супраць Украіны. І правядзенне «інаўгурацыі» ў Дзень Волі - гэта сігнал аб тым, што ціск Расеі на беларускае кіраўніцтва ўзмацніўся ў сто разоў, што Пуцін, відаць, чакае, што ён зможа дамовіцца з прэзідэнтам ЗША Трампам, падзяліць Украіну, захапіць чатыры вобласці і Крым, а таксама анэксаваць Беларусь. Відаць, ёсць такія спадзяванні. Пра гэтыя планы стала вядома Лукашэнку.

Яўген Кісялёў выказаў меркаванне, што Лукашэнка можа падшукваць сабе пераемніка. Наталля Радзіна мяркуе, што яму зараз не да пошуку замены:

- Пытанне ў тым, у якой сітуацыі апынецца яшчэ жывы Лукашэнка. Гэта значыць, ён можа перайсці на ўзровень прэзідэнта Татарстана або прэзідэнта Чачэніі. Таму сёння галоўнае пытанне - як захаваць незалежнасць краіны.

Суверэнітэт, на жаль, сёння страчаны, але незалежнасць застаецца. І тут я б хацела вам крыху расказаць пра структуру беларускага грамадства. Таму што ёсць такія павярхоўныя ўяўленні, у тым ліку і ў расейцаў, што «Беларусь вельмі лёгка далучыць», «яна ўжо даўно наша».

Ёсць Лукашэнка. Зразумела, што ён вырадак, загнаў Беларусь у расейскую пастку дзеля захавання сваёй улады. Пасадзіў Беларусь на энэргетычную іголку, атрымліваючы танныя нафту і газ, безадсоткавыя крэдыты ў абмен на лаяльнасць і русіфікацыю краіны.

Далей ён прадаваў зямлю расейцам. У Беларусі забаронена прыватная ўласнасць на зямлю, але мільёны гектараў былі прададзеныя расейцам і арабам. І гэта вялізныя тэрыторыі ў самім Менску і па ўсёй Беларусі.

Гэтая інфармацыя хаваецца, але гэта факт. Яны перадаюць зямлю ў арэнду на 50-100 гадоў. І гэта, вядома, незаконныя ўгоды, якія заўсёды адбываліся таемна. Ніякіх публічных тэндараў, нічога не праводзілася. Ужо вялізная колькасць беларускай зямлі прададзеная расейцам. Я ўжо маўчу пра нерухомасць, якую яны ўсе гэтыя гады скуплялі ў Беларусі.

Вайсковая верхавіна Беларусі, як мяркуе Наталля Радзіна, з'яўляецца лаяльнай да Крамля:

- Яны вучыліся ў расейскіх вайсковых вучэльнях. Ментальна гэтыя вайскоўцы абсалютна пракрамлёўскія, прапуцінскія. Дастаткова сказаць, што сакратар Савета бяспекі Беларусі нарадзіўся ў Казані і скончыў Акадэмію пры Генштабе Расейскай Федэрацыі. Міністр абароны Віктар Хрэнін таксама абсалютна прарасейскі.

Але калі мы возьмем сярэдняе афіцэрскае звяно, не кажучы пра шараговы склад, - гэта зусім іншыя людзі. Яны альбо пражылі большую частку жыцця, альбо нарадзіліся ў незалежнай Беларусі. І гэта людзі, якія не хочуць уваходзіць у склад Расеі, не хочуць станавіцца часткай расейскага войска і ваяваць супраць Украіны, а далей супраць краін Захаду.

Далей ёсць блок сілавікоў. Тут таксама цікавая канфігурацыя. Пасля 2020 года роля КДБ знізілася. Падчас прэзідэнцкай кампаніі стала відавочна, што частка КДБ працавала супраць Лукашэнкі. Як ні дзіўна, спецслужбы ўдзельнічалі ў крамлёўскай кампаніі ціску на дыктатара.

Бо зусім невыпадкова, што кандыдатам у прэзідэнты Беларусі пайшоў кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка. Я бачыла, як яго раскручвалі ў незалежных медыях, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Відавочна, што гэта дазволеная з боку спецслужбаў аперацыя. Так што сёння Лукашэнка КДБ не надта верыць.

Галоўным чынам зараз дыктатар абапіраецца не на КДБ, а на МУС і на ГУБАЗіК. МУС узначальвае Іван Кубракоў, ягоны намеснік - Мікалай Карпянкоў.

ГУБАЗіК - гэта такое гестапа, якое ажыццяўляла асноўныя рэпрэсіі супраць насельніцтва ў 2020-м і ў наступныя гады. Лукашэнка на іх сёння, вядома, абапіраецца.

Узровень рэпрэсій у Беларусі параўнальны са сталінскім. Да 10 тысяч палітвязняў знаходзяцца ў турмах. Але і гэтыя сілавікі - як кіраўніцтва, так і іх падначаленыя - не хочуць уваходжання ў склад Расеі. Гэта апрычнікі, гестапаўцы, гэта людзі, якія вінаватыя ў злачынствах супраць чалавечнасці. Але паміраць за Расею яны не жадаюць.

Наступны элемент - гэта чыноўнікі. І тут таксама няма прыхільнікаў Расеі. Прыйшло новае пакаленне кіраўнікоў. Няма больш савецкіх наменклатуршчыкаў, дзеячаў камуністычнай партыі, якія былі ў кіраўніцтве Беларусі ў 90-я і пачатку 2000-х. Цяпер гэта людзі маладога-сярэдняга ўзросту. Калі мы паглядзім узрост міністраў, прэм'ер-міністра - ад 43-х да 52-х гадоў. Людзі, якія таксама не хочуць у склад Расеі. Яны жадаюць заставацца на сваіх пасадах, захоўваць свае міністэрскія партфелі. Яны ўсё жадаюць быць амбасадарамі незалежнай краіны, у тым ліку на Захадзе.

Наталля Радзіна мяркуе, што выратаваць незалежнасць Беларусі можа толькі збліжэнне з Захадам:

- Для таго, каб спыніць гэтую пуцінскую агрэсію і анэксію, неабходна ісці насустрач Захаду. Неабходна выходзіць з вайны з Украінай. Цяжка сказаць, як гэта сёння можна зрабіць, калі ёсць і беларуска-расейская рэгіянальная групоўка войскаў, і Дамова аб гарантыях бяспекі, падпісаная з Расеяй.

Але няма іншага шляху. І, вядома, неабходна вызваляць палітычных зняволеных. Тысячы людзей, якія сёння знаходзяцца ў турмах, павінныя быць, безумоўна, вызваленыя. Гэтага патрабуе Еўропа. У выпадку, калі гэта адбудзецца, магчыма, будуць нейкія перамовы з Захадам. Магчымая нейкая падтрымка, дапамога і зняцце санкцый, ад якіх сёння, безумоўна, пакутуе рэжым. Той жа Лукашэнка на «інаўгурацыі» некалькі разоў сказаў, як моцна б'юць заходнія санкцыі па эканоміцы Беларусі.

І частка службоўцаў гэта, вядома, разумее. Ёсць умоўнае празаходняе крыло наменклатуры. Я магу сказаць, што гэта, напэўна, намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч, гэта можа быць ейны муж, кіраўнік прадстаўніцтва Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў. Магчыма, гэта міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Магчыма, гэта былы прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, хаця з ягонымі сувязямі з Расіяй ёсць пытанні. Але, ва ўсякім разе, гэта разважныя людзі, якія разумеюць, што робіць Лукашэнка. Гэта не апрычнікі з ГУБАЗіку, якія вядуць краіну да поўнай катастрофы.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што яшчэ адзін чыннік, які можа перашкаджаць анэксіі Беларусі, - гэта Кітай.

- Беларусь вельмі важная для Пекіна. Дарэчы, Віталь Портнікаў нядаўна рабіў праграму на тэму пагрозы інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Ён мяркуе, што супраць гэтага будзе Кітай.

Беларусь - гэта эканамічны фарпост, частка кітайскага «шаўковага шляху». У выпадку, калі Пуцін захопіць Беларусь, калі будзе напад на краіны Балтыі з тэрыторыі маёй краіны, што зробіць Еўропа найперш? У тую ж секунду яны закрыюць мяжу.

Ніякія тавары праз транзітную краіну, у тым ліку кітайскія, у Еўропу не пойдуць. Навошта гэта Кітаю? Пекін можа акурат націснуць на Пуціна і адгаварыць яго анэксаваць Беларусь.

Яўген Кісялёў выказаў меркаванне, што вельмі многія людзі, незнаёмыя з сітуацыяй у Беларусі, могуць думаць, што ў краіне ёсць «стабільнасць, забяспечаны мінімальны ўзровень жыцця і адсутнічае злачыннасць». Наталля Радзіна расказала, чаму гэтае меркаванне памылковае:

- Нізкі ўзровень злачыннасці, бо злачынцы ва ўладзе. Заробкі, сапраўды, мінімальныя. Беларусь - адна з самых бедных краін у Еўропе. Пенсіі блізу $100-150. Як можна на гэтыя грошы жыць? Заробкі ў рэгіёнах - блізу $200. Узровень коштаў супастаўны з еўрапейскімі. Абсалютнае беззаконне сілавікоў і рэпрэсіі, які можна параўнаць са сталінскімі. За 30 гадоў, канешне, Лукашэнка нарабіў столькі злачынстваў, што пасля гэтых сямі «прэзідэнцкіх тэрмінаў» павінны быць сем пажыццёвых зняволенняў.

Да 1994 года Беларусь была свабоднай краінай, якая развівалася, адбудоўвалася. Я сама тым часам была маладой студэнткай, якая прыехала ў Менск. Памятаю дух свабоды і надзеі, якія ў нас былі. Мы марылі стварыць нармальную дзяржаву. Былі пэўныя памылкі, зробленыя палітычнымі элітамі. Тады трэба было дакладна і ясна, як гэта адбылося ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, абвясціць аб сваім намеры ісці ў Еўразвяз і NАТО. У гэтым была памылка беларускіх палітычных элітаў. Тады ў нас была папулярная ідэя Балта-Чарнаморскага звязу, але яна так і не была ўвасобленая ў жыццё, бо частка краін, якія ўваходзілі ў гэты ўмоўны звяз, пайшлі пад парасон ЕЗ і NАТО. Такі ж выбар трэба было зрабіць Беларусі - адразу адрывацца ад Расеі.

Гэтага не было зроблена, таму краіна (шмат у чым дзякуючы Лукашэнку) была паглынутая Расеяй. На шчасце, у нас ёсць незалежнасць і ўсе шанцы для таго, каб пазбавіцца гэтай дыктатуры. Яе час падыходзіць да канца. Сёння ўжо ўсе гавораць (не толькі «радыкалы» накшталт мяне), што Лукашэнка не дажыве да канца свайго тэрміну. Гэта абсалютна відавочна.

І ў нас будзе шанец адарвацца ад Расеі і сысці ў Еўразвяз. Іншай магчымасці захаваць незалежнасць, калі мы знаходзімся побач з імперскай Расеяй, у нас няма. Трэба ісці ў Еўропу, дзе мы гістарычна заўсёды былі.

Апошнія навіны