Эстонія пазбавіла грамадзян Беларусі выбарчых правоў на мясцовым узроўні
- 26.03.2025, 19:38
Парламент Эстоніі прыняў папраўкі ў Канстытуцыю.
Парламент Эстоніі (Рыйгікогу) 26 сакавіка прыняў папраўкі ў Канстытуцыю, якія пазбаўляюць грамадзян Расеі і Беларусі права голасу на мясцовых выбарах.
За змены ў канстытуцыю прагаласавалі 92 чальцы парламента, супраць - сямёра.
Згодна з дзейным заканадаўствам, акрамя грамадзян Эстоніі і ЕЗ у мясцовых выбарах могуць удзельнічаць замежнікі, якія пражываюць у Эстоніі на падставе дазволу на доўгатэрміновае або пастаяннае пражыванне, якім на дзень выбараў споўнілася 16 гадоў і пастаяннае месца жыхарства якіх знаходзіцца на тэрыторыі адпаведнай сельскай воласці або горада.
Цяпер галасаваць на мясцовых выбарах Эстоніі не змогуць ніякія грамадзяне трэціх краін, у тым ліку Беларусі. Права голаса на муніцыпальных выбарах застанецца толькі ў грамадзян Эстоніі і Еўразвязу.
На выбарах восенню 2025 года асобы без грамадзянства, гэта значыць уладальнікі шэрых пашпартоў, яшчэ змогуць прагаласаваць, а далей права голасу пазбавяцца і яны.
Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Эстоніі на 1 студзеня 2024 года ў Эстоніі пражывалі 11 402 беларусы.