«Такога цырка я яшчэ не бачыла»
- 26.03.2025, 20:34
Беларуска – пра лукашэнкаўскі абсурд у школе.
Чытачка сайта Charter97.org, якая прапрацавала 30 гадоў у школе, распавяла аб самым незвычайным відовішчы, з якім яна сутыкнулася за сваю прафесійную кар'еру.
- Сёння ў гутарцы з сяброўкай згадала аб сваім удзеле ў грамадскім жыцці. Было яно, шчыра кажучы, не вельмі актыўным. Усіх нас, настаўнікаў, прымусова запісалі ў «Арганізацыю выратавання на вадзе». Туды мы ахвотна-прымусова штомесяц плацілі ўнёскі. А вось у 2020 годзе я нарэшце пастанавіла выйсці з дзяржаўнага прафсаюзу.
Праўда, выйшла прапрацаваць па-за ФПБ крыху менш за два гады. Пасля жорсткай гутаркі з дырэктарам я была пастаўленая перад экзістэнцыйным выбарам: ці я «сябра» прафсаюза і далей працую, ці я вольны ад працоўных абавязкаў чалавек. У маім узросце куды мяне возьмуць? Я была вымушаная была зноў папоўніць шэрагі гэтай славутай арганізацыі.
І вось паклікалі мяне на прафсаюзны сход, дзе абіралі новага старшыню і нейкіх адказных асоб нашай школьнай арганізацыі. Такога цырка я за свае 50 з лішнім гадоў ніколі не бачыла. Абраны старшыня і ягоныя памагатыя перад усім калектывам павінны былі прачытаць клятву прафсаюза. Дзівоснае відовішча!
Пасля клятвы спявалі прафсаюзны гімн (я, шчыра скажу, не спявала, ну проста сядзела, усім сваім арганізмам душачы смех, каб не вырваўся вонкі). Каб дзеянне было поўным і ўсёабдымным, наступным пунктам «інаўгурацыі» старшыні было павязванне яму прафсаюзнага гальштука.