Трамп упершыню абвінаваціў Крэмль у зацягванні перамоў аб міры з Украінай
- 26.03.2025, 9:16
Масква марудзіць з дамоўленасцямі аб спыненні агню.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упершыню заявіў, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа зацягваць час у пытанні дамоўленасцей па замірэнні з Украінай.
Пра гэта паведамляе Politico.
У адказе на пытанне рэпарцёра амерыканскай кабельнай тэлекампаніі Newsmax, ці мяркуе ён, што Масква марудзіць з дамоўленасцямі аб спыненні агню, Трамп дапусціў такі сцэнар.
Са слоў прэзідэнта ЗША, ён мяркуе, што «Расея хоча пакласці канец» шырокамаштабнай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
«Але магчыма, яны марудзяць», - прызнаў Трамп і дадаў, што выкарыстаў тую ж тактыку ў сваіх мінулых справах, каб выйграць час.
«Я рабіў гэта гадамі... Вы ведаеце, я не хачу падпісваць кантракт, я хачу як бы застацца ў гульні, але, магчыма, я не хачу гэтага рабіць зусім, я не ўпэўнены», - растлумачыў ён такую манеру.
Пры гэтым Трамп зноў выказаў меркаванне, што Украіна і РФ хочуць заканчэння вайны.
«Але не, я думаю, што Расея хацела б, каб гэта скончылася, і я думаю, што Зяленскі хацеў бы, каб гэта скончылася на гэтым этапе», - сказаў амерыканскі лідар.
Ён таксама зноў агучыў ацэнку аб стратах, якія нясуць абодва бакі, указаўшы прыблізна 2500 вайскоўцаў штотыдзень. І падкрэсліў, што «проста хоча, каб гэта спынілася».