Кіраўнік ЦРУ: Украінцы будуць змагацца нават голымі рукамі, калі ўмовы міру іх не задаволяць
- 26.03.2025, 8:11
Не варта недаацэньваць баявы дух УСУ.
Войска Украіны прадаўжаюць недаацэньваць у свеце. Украінскія воіны будуць змагацца нават голымі рукамі, калі ўмовы міру з Расеяй не будуць іх задавальняць.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта падчас слуханняў у Сенаце ЗША заявіў дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф.
Сенатар Джэры Моран спытаў у Рэткліфа, якія рызыкі ёсць для ЗША, калі Расея дасягне сваіх максімалісцкіх мэт у рамках мірнай дамовы з Украінай.
Дырэктар ЦРУ ў адказ заявіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зараз хоча скончыць вайну на такіх умовах, якія прывядуць да працяглага міру. І ў ЦРУ ўжылі захады для таго, каб падтрымаць такую мэту Трампа.
Са слоў Рэткліфа, ён згодны, што ў Расеі ёсць перавага на полі бою, яна павольна прасоўваецца наперад.
«Але, што да ўкраінскага супраціву, то ўкраінскі народ і войска недаацэньваюцца ўжо некалькі гадоў. Я ўпэўнены, на падставе маіх назіранняў, з пункту гледжання выведкі, яны будуць змагацца голымі рукамі, калі ім давядзецца, калі ў іх не будзе прымальных умоў для моцнага міру», - дадаў ён.
Пры гэтым Рэткліф запэўніў, што Трамп усведамляе небяспеку ў выпадку, калі Расея атрымае тое, чаго хоча. І калі «перамовы будуць паспяховымі», абодва бакі не дасягнуць сваіх максімалісцкіх мэт.