У Францыі ў паветры сутыкнуліся два вайсковыя самалёты
- 25.03.2025, 21:32
Момант патрапіў на відэа.
Два самалёты Alpha Jet пілатажнай групы Ваенна-паветраных сілаў Францыі рэзнуліся адзін у другі ў паветры падчас трэніровачнага палёту днём 25 сакавіка.
Пра гэта паведамляе BFMTV.
Аварыя адбылася недалёка ад горада Сэн-Дызье на ўсходзе Францыі падчас палёту Патруль дэ Франс – нацыянальнай пілатажнай групы ў складзе французскіх ВПС.
«Былі мабілізаваныя экстранныя службы, а таксама забяспечаная каардынацыя паміж Міністэрствам унутраных справаў і Міністэрствам узброеных сілаў», – паведаміў міністр абароны Францыі Себасцьен Лекарню.
Пазней у французскім Мінабароны заявілі BFMTV, што два пілоты і пасажыр аднаго з самалётаў змаглі катапультавацца. Яны атрымалі толькі лёгкія раненні, і ім прапанавалі медыцынскую дапамогу на месцы.
Міністэрства дадало, што цяпер прадаўжаецца расследаванне, «каб праліць святло на прычыны гэтай аварыі».