WP: Ізраіль плануе новую наземную кампанію ў Газе
- 23.03.2025, 20:45
Цахал можа акупаваць сектар на некалькі месяцаў ці больш.
Палітычныя і вайсковыя лідары Ізраіля разглядаюць планы новай наземнай кампаніі ў сектары Газа, якая можа ўключаць вайсковую акупацыю на некалькі месяцаў ці больш, паведамляе The Washington Post.
Выданне піша, што, са слоў цяперашніх і былых ізраільскіх афіцыйных асоб і іншых інфармаваных крыніц, новая тактыка з'яўляецца больш агрэсіўнай. Яна, імаверна, таксама будзе ўключаць прамы вайсковы кантроль над гуманітарнай дапамогай, спробы знішчыць большую частку грамадзянскага кіраўніцтва ХАМАС, перасяленне жанчын, дзяцей і правераных некамбатантаў з кварталаў у «гуманітарныя бурбалкі», аблогу тых, хто застаўся. Выданне адзначае, што гэта ўзмоцненая версія тактыкі, ужытай летась на поўначы Газы.
Ізраільскія афіцыйныя асобы гавораць, што ўсё яшчэ чакаюць вынікаў перамоў аб спыненні агню і ніякіх рашэнняў аб тым, ці ўзмацняць бягучую фазу наступлення і як менавіта, пакуль не прынята, паведамляецца ў артыкуле. Цяпер Ізраіль пераважна прымяняе бамбардзіроўкі з паветра.
Паводле звестак асоб, знаёмых з планаваннем, для поўнамаштабнага ўварвання і акупацыі сектара Газа спатрэбяцца да пяці вайсковых дывізій.
Некаторыя з афіцыйных прадстаўнікоў сцвярджаюць, што толькі поўнамаштабнае ўварванне, якое суправаджаецца працяглай дэрадыкалізацыяй сектара, дасягне заяўленай мэты прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху па выкараненні ХАМАС, піша WP.
Амір Авіві, былы намеснік камандзіра дывізіі ў Газе, расказаў, што леташняя кампанія ЦАХАЛа была абмежавана праз рознагалоссі паміж палітычнымі і вайсковымі лідарамі адносна тактыкі і стратэгіі, а таксама занепакоенасці адміністрацыі Джо Байдэна нанясеннем шкоды палестынскім мірным жыхарам. З ягоных слоў, прыход адміністрацыі Дональда Трампа і змены ў ізраільскім абаронным істэблішменце аслабілі гэтыя абмежаванні.
«Цяпер ёсць новае кіраўніцтва [ЦАХАЛ], ёсць падтрымка з боку ЗША, ёсць той факт, што ў нас дастаткова боепрыпасаў, і той факт, што мы завяршылі нашы асноўныя місіі на поўначы і можам засяродзіцца на Газе. Гэтыя планы з'яўляюцца вызначальнымі. Будзе поўнамаштабны напад, і ён не спыніцца, пакуль ХАМАС не будзе цалкам знішчаны. Паглядзім», - заявіў Авіві.
WP нагадвае, што перад світанкам 18 сакавіка Ізраіль правёў поўны паветраны напад супраць дзясяткаў лідараў і байцоў ХАМАС і правёў рэйды на зямлі, а ХАМАС у адказ абстраляў Тэль-Авіў.
Выданне піша, што ізраільскі чыноўнік адмаўляў, што Ізраіль парушыў пагадненне аб спыненні агню, і заявіў, што ізраільскія афіцыйныя асобы выклалі на 16-ы дзень перамір'я свае ўмовы для пераходу да другога этапу пагаднення, але ХАМАС іх адхіліў.
Чыноўнік распавёў, што тады ХАМАС не прыняў прапанову спецыяльнага пасланніка прэзідэнта Дональда Трампа Стыва Уіткофа аб падаўжэнні рэжыму спынення агню на 40 дзён у абмен на 11 жывых закладнікаў і прапанаваў наўзамен вызваліць аднаго амерыкана-ізраільскага палоннага. Ён растлумачыў, што Ізраіль наважыў аднавіць баявыя дзеянні, што адпавядала пункту пагаднення аб спыненні агню ў выпадку, калі перамовы будуць прызнаныя няўдалымі.
Ізраільскі чыноўнік адзначыў, што гэтая прапанова ўсё яшчэ на стале, "але мы вярнуліся да перамоў у іншым стане: пад агнём".
ХАМАС хацеў неадкладна пачаць перамовы па другім этапе, які прадугледжваў поўнае выйсце Ізраіля з Газы і вызваленне жывых закладнікаў. 22 сакавіка ХАМАС заявіў, што ўсё яшчэ разглядае прапанову Уіткофа.
Ізраіль сцвярджае, што знішчыў амаль усе 24 баявыя батальёны ХАМАС, засталіся толькі некалькі тысяч баевікоў у Газе. Каб поўнасцю знішчыць астатніх, Ізраілю давядзецца ўтрымліваць тэрыторыю, што, на думку некаторых афіцэраў і аналітыкаў, з'яўляецца рызыкоўным.
«Калі вы паглядзіце на французаў у Алжыры, на аперацыю [ЗША] Свабода Ірака, амерыканцаў у Афганістане, гісторыя спроб барацьбы з паўстанцамі вучыць нас, што нават ізраільцяне могуць пацярпець няўдачу. Гэта падарвала б маральна-этычны базіс Ізраілю», - заявіў выданню Саша-Дамінік Доў Бахман, экспэрт ў вайсковых дзеяннях з Універсітэта Канберы.
У той жа час прыхільнікі больш працяглай аперацыі ў Газе сцвярджаюць, што леташняя кампанія прывяла толькі да таго, што ХАМАС зноў выйшаў са сваіх тунэляў у студзені.
Выданне нагадвае, што Трамп ухваліў продаж Ізраілю цяжкіх бомбаў, якія Джо Байдэн адмаўляўся прадаваць, калі Ізраіль не дазволіць завозіць гуманітарную дапамогу ў Газу і не зробіць больш для прадухілення ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.
Афіцыйныя асобы таксама заявілі WP, што Ізраіль пракансультаваўся з адміністрацыяй Трампа, перш чым спыніць усю дапамогу Газе ў сакавіку.