BE RU EN

«Першапачатковыя планы Лукашэнкі праваліліся»

  • 23.03.2025, 19:08

Навошта беларускія ўлады пачалі гуляць у крыптавалютныя гульні.

У Беларусі збіраюцца будаваць майнінгавыя фермы. Адзначаецца, што праект падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. «Белсат» спытаў у экспэртаў, навошта беларускія ўлады пачалі гуляць у крыптавалютныя гульні і што з гэтага можа атрымацца.

Рыхтуюцца пляцоўкі

Аб тым, што работа ў падрыхтоўцы пляцовак для будаўніцтва майнінгавых ферм ужо ідзе, 21 сакавіка заявіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка.

Ён адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці ёсць добрыя пляцоўкі з энэргетычнымі магутнасцямі - "усё неабходнае для таго, каб будаваць дата-цэнтры, майнінгавыя фермы". Пры гэтым Ісачэнка дадаў, што сваю згоду на ажыццяўленне гэтага праекта даў і Аляксандр Лукашэнка, таму цяпер праводзіцца падрыхтоўка гэтых пляцовак з мэтай далейшага правядзення конкурсаў, "каб заходзіў інвестар і займаўся будаўніцтвам".

Прадстаўнік даследчага цэнтра MD Academicum Яраслаў Кот адзначыў у размове з «Белсатам», што асноўны матыў уладаў - выкарыстанне лішкаў электраэнергіі, якія ўтварыліся пасля запуску Беларускай АЭС. Ён заўважае, што першапачатковыя планы Лукашэнкі па продажы гэтай энэргіі на Захад праваліліся, а кошты на яе ўнутры краіны пайшлі ўгару.

Цяпер, на думку экспэрта, Лукашэнка шукае варыянты, куды падзець лішкі электраэнергіі, і спрабуе «ўлезці ў крыптатэму». Яраслаў Кот падкрэслівае, што гэта адбываецца не ўпершыню, такія спробы ўжо рабіліся раней, нават былі створаны беларускія крыптагрошы - Belkа.

Сапраўды, паняцці "майнінг", "блокчэйн", "токен" у беларускім заканадаўстве з'явіліся яшчэ ў 2017 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі", мэта якога была, як тады заяўлялі, "стварыць такія ўмовы, каб сусветныя ІТ-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, стваралі свае прадукт у свеце. Разгон для палёту спыніў 2020 і 2022 год, калі ў выніку фальсіфікацый выбараў і саўдзелу Беларусі ў вайне многія ІТ-кампаніі пакінулі нашу краіну, каб знайсці больш бяспечнае месца для вядзення бізнэсу.

Кітаю - дарогу

На думку Яраслава Ката, майнінг можа быць выкарыстаны як сродак абыходу санкцый, што практыкуе, напрыклад, Паўночная Карэя. Разам з тым ён прызнае, што такі праект можа быць эканамічна акупны, бо кошт электраэнергіі ў Беларусі ніжэйшы за еўрапейскі.

Звесткі аб інвеставанні ў беларускія майнінгавыя фермы кітайскіх кампаній выклікаюць шмат пытанняў, бо вядома, што Кітай хоча інвеставаць у праект 60 мільёнаў даляраў. Кот адзначае, што для Кітая гэта частка глабальнай стратэгіі.

«Яны будуюць аэрапорты і парты ў Афрыцы і заўсёды трымаюць кантроль над гэтай інфраструктурай. Для кітайцаў гэта частка іх так званай soft power [мяккай сілы]. Яны так прасоўваюць свае інтарэсы і ўсё больш купляюць іншыя краіны, яны каланізуюць дзяржаву. А атрымаць сабе каланізаваную краіну ў цэнтры Еўропы - гэта было б вельмі цікава для іх», - адзначае Яраслаў Кот.

Экспэрт дапускае, што ўзамен за свае інвестыцыі Кітай можа патрабаваць зямельныя рэсурсы ці іншыя стратэгічныя аб'екты. "Лукашэнка гатовы прадаць нават кавалак зямлі, каб яшчэ некалькі гадоў пакіраваць", - рэзюмуе ён.

Крыпта - для выхаду з ізаляцыі

Крыптавалюты як з'ява, тлумачыць навуковец, аналітык тэхналогій Сяргей Бесараб, гэта, безумоўна, вельмі зручны варыянт для краіны, якая знаходзіцца амаль у поўнай ізаляцыі.

«Крыптавалюта вельмі спрашчае шэрыя плацяжы, адмыванне грошай і г.д. Нездарма з пачаткам вайны ў РФ адбыўся сапраўдны выбух цікавасці да крыптавалюты», - адзначае навуковец.

Пры гэтым Сяргей Бесараб адзначае, што абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для майнінгу, патрабуе абнаўлення, што даволі затратна. Акрамя таго, сёння ўжо прагрэс пайшоў наперад, і ўжо выкарыстоўваюцца новыя механізмы працы з крыптавалютамі, для якіх кампутарнае «жалеза» ў прынцыпе не патрэбна, актыўна развіваецца хмарны майнінг і г.д.

«Таму калі я чытаю навіны пра тое, што дзяржава збіраецца пабудаваць фермы на Магілёўшчыне, то мяне не пакідае ўражанне, што я вярнуўся ў 2015 год. Гэта значыць, у іх адставанне як мінімум на дзесяць гадоў. Мне гэта паказвае, што кансультанты і нейкія экспэрты ў Лукашэнкі жывуць абсалютна ў мінулым і не арыентуюцца ў гэтай тэме ўвогуле», – адзначае Сяргей Бесараб.

Акрамя таго, экспэрт адзначае праблему зношаных энергасетак, якія не гатовы да дадатковай нагрузкі: «калі пабудуюць буйныя фермы, павялічыцца колькасць інцыдэнтаў на энергасетках. Рамонтнікам трэба выязджаць, і людзі будуць заставацца без святла».

З улікам таго, як па некалькі тыдняў ішло на аднаўленне энергасетак пасля разгулу стыхіі летам 2024 года, калі на аднаўленне ішло па некалькі тыдняў, то зараз справавіцца ў такіх выпадках будзе зусім складана, лічыць Сяргей Бесараб.

«Уявіце, калі ў гэтае раўненне яшчэ дадаць майнінгавыя фермы - гэта проста вар'яцтва. Таму хутчэй за ўсё я лічу, што гэта проста папулізм, як і ўсё ў Лукашэнкі. Яны нічога не пабудуюць. Там знойдзецца які-небудзь адэкватны чалавек, які скажа: "проста супакойцеся"», - уважае навуковец.

Апошнія навіны