BE RU EN

Дональд Туск праверыў, як ахоўваецца мяжа Польшчы з Беларуссю

  • 22.03.2025, 16:10

Прэм'ер-міністр Польшчы падкрэсліў, што на граніцы нясуць службу 11 тысяч чалавек.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск разам з кіраўніком Міністэрства абароны Уладзіславам Касіняком-Камышам і кіраўніком Міністэрства ўнутраных спраў і Томашам Семаняком наведаў у суботу ўчастак польскай мяжы з Беларуссю, паведамляе PAP.

Пасля сустрэчы з камандаваннем польскага войска, памежнай службы і паліцыі прэм'ер-міністр заявіў, што атрымаў даклад, які пацвярджае, што перапраўка мігрантаў праз мяжу ажыццяўляецца пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

"Мы таксама ведаем аб датычнасці Расеі, таму мы маем справу не толькі з кантрабандай, але і з дзяржаўнай машынай", – сказаў Туск.

Ён таксама расказаў, што атрымаў паведамленне аб далейшых арыштах асоб, якія маюць дачыненне да перапраўкі нелегальных мігрантаў. Польскі прэм'ер дадаў, што размова ідзе аб групах міжнароднага характару.

У той жа час ён падкрэсліў, што польскія службы дастаткова эфектыўна затрымліваюць кантрабандыстаў.

"Мы дасягнулі 98-працэнтнай эфектыўнасці затрыманняў, гэта значыць 98 спроб нелегальнага перасячэння мяжы ўдалося прадухіліць дзякуючы рашучай пазіцыі нашых жаўнераў, Памежнай службы і паліцыі", – адзначыў Туск.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што на граніцы нясуць службу 11 тысяч чалавек.

Ён дадаў, што Польшча выдаткавала 2 мільярды 700 мільёнаў злотых на будаўніцтва памежнага бар'ера.

Апошнія навіны