BE RU EN

СМІ: Кітай разглядае магчымасць удзелу ў міратворчых сілах ва Украіне

  • 22.03.2025, 13:17

У Брусэлі мяркуюць, што гэта можа дапамагчы ва ўздзеянні на РФ.

Кітай разглядае магчымасць далучыцца да міратворчай місіі ва Украіне. У Брусэлі мяркуюць, што ўдзел Кітая можа дапамагчы Расеі перагледзець стаўленне да міратворцаў.

Пра гэта паведамляе Die Welt.

Кітай разглядае магчымасць удзелу ў міратворчых сілах ва Украіне, звярнуўшыся да ЕЗ з пытаннем, ці падтрымліваюць еўрапейскія партнёры такую ініцыятыву.

Паводле інфармацыі крыніцаў Welt, у Брусэлі дыпламатычныя колы мяркуюць, што ўключэнне Кітая ў «кааліцыю ахвотных» можа стаць чыннікам, які дапаможа Расеі перагледзець сваё стаўленне да міратворчых сілаў на ўкраінскай тэрыторыі, аднак гэты крок застаецца «далікатным» і патрабуе асцярожнага падыходу.

Ідэя міратворчай місіі была ўзнятая на фоне анансаванага саміту, які мусіць адбыцца ў Парыжы ў наступны чацвер. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адзначыў, што мэта саміту – удакладніць абавязальніцтвы кароткатэрміновай падтрымкі Украіны, а таксама ўдзелу міратворцаў у выпадку дасягнення спынення агню.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама будзе ўдзельнічаць у саміце, дзе будзе абмяркоўвацца далейшая падтрымка Украіны на міжнароднай арэне.

Ідэя міратворчай місіі, падтрыманая Вялікай Брытаніяй, застаецца прадметам гарачых дыскусій, бо Расея катэгарычна аспрэчвае такія прапановы.

ЗША плануюць новыя перамовы з Расеяй і Украінай пра спыненне агню, хоць Макрон адзначыў, што адмова Масквы ад перамір'я толькі пацвярджае адсутнасць яе сур'ёзных намераў у адносінах да міру.

Апошнія навіны