BE RU EN

Трамп задумаў выкарыстоўваць Запарожскую АЭС для здабычы рэдказямельных металаў ва Украіне

  • 21.03.2025, 11:03

Гэтае пытанне абмяркоўваецца паміж Вашынгтонам і Кіевам у рамках рэсурснай угоды.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядае выкарыстанне Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС) для здабычы рэдказямельных металаў і іншых карысных выкапняў ва Украіне, паведамілі Financial Times (FT) два высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі.

Тое, што гэтае пытанне абмяркоўваецца паміж Вашынгтонам і Кіевам у рамках рэсурснай угоды, пацвердзіла крыніца Politico у Кіеве. «Здабыча карысных выкапняў патрабуе вялікай колькасці электраэнэргіі. Гэта станцыя з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе. Таму амерыканскі бок выступіў з ідэяй, што мы можам працаваць разам, каб вярнуць кантроль над станцыяй», - адзначыў суразмоўца выдання. Паводле ягоных слоў, Кіеў таксама мае намер вярнуць кантроль над горадам Энэргадар, дзе пражывае персанал ЗАЭС, які Расея фактычна ўзяла ў закладнікі.

Падчас тэлефоннай размовы 19 сакавіка Трамп прапанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму перадаць ЗША ва ўласнасць і кіраванне ўкраінскія электрастанцыі, у тым ліку атамныя. У Белым доме растлумачылі, што гэта будзе «найлепшай абаронай» для энэргетычнай інфраструктуры Украіны. Зяленскі пазней удакладніў, што гаворка ішла толькі пра ЗАЭС. Станцыя знаходзіцца ў акупаванай Расеяй частцы Запарожскай вобласці. Да расейскага ўварвання яна выпрацоўвала амаль 20% электраэнэргіі, якая вырабляецца Украінай.

Раней аб'екты атамнай энэргетыкі не абмяркоўваліся ў кантэксце ўгоды аб здабычы карысных выкапняў ЗША і Украіны, таму ідэя Трампа аб кантролі над электрастанцыямі стала нечаканасцю для ўкраінскіх уладаў, паведаміў Washington Post былы намеснік кіраўніка Мінэнэрга краіны Аляксей Рабчын. Паводле ягоных слоў, будучыня Запарожскай АЭС будзе адным з ключавых пытанняў на мірных перамовах. «Гэта вельмі важна не толькі для Украіны, але і для ЕЗ. Раней мы прадавалі шмат электраэнэргіі ў Еўрапейскі саюз, дапамагаючы яму функцыянаваць і дэкарбанізавацца», - адзначыў Рабчын.

У верасні 2022 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў аб анэксіі чатырох рэгіёнаў Украіны, у тым ліку Запарожскай вобласці. Пасля гэтага ён распарадзіўся прыняць ЗАЭС у федэральную ўласнасць. Да гэтага часу Пуцін выключаў магчымасць тэрытарыяльных саступак Украіне ў рамках урэгулявання ваеннага канфлікту. Расеі «нічога чужога» не трэба, але «сваё» яна не аддасць, падкрэсліваў ён.

Апошнія навіны