BE RU EN

Інвестар Tesla прапанаваў Маску звольніцца

  • 19.03.2025, 12:54

Мільярдэр адказаў.

Вядомы амерыканскі інвестар Рос Гербэр, кампанія якога валодае прыкладна 260 000 акцый Tesla коштам каля $ 105 млн, заклікаў Ілана Маска засяродзіцца на кампаніі або сысці з пасады генеральнага дырэктара, заўважыў New Voice.

У інтэрв'ю Sky News ён сказаў, што Tesla апынулася ў крызісе праз паводзіны Маска.

На думку Гербэра, Маск павінен "або вярнуцца да Tesla і стаць яе паўнавартасным кіраўніком, адмовіўшыся ад іншых пасад, або засяродзіцца на ўрадавай дзейнасці і працягваць сваю справу, але знайсці адпаведнага генеральнага дырэктара для Tesla".

Інвестар мяркуе, што Маску проста не стае часу для кіравання кампаніяй, паколькі ён таксама займаецца сацыяльнай сеткай X і працуе кіраўніком Дэпартамента эфектыўнасці ўрада ЗША.

“Ілан Маск проста знішчыў рэпутацыю кампаніі. Продажы імкліва падаюць, так што так, гэта крызіс. Найлепшы прадукт на рынку літаральна не ўдаецца прадаваць, таму што генеральны дырэктар настолькі неадназначная фігура”, - сказаў Гербэр.

Між тым сам Маск у інтэрв'ю Fox News заявіў, што яго кампанія стала ахвярай скаардынаванай кампаніі "ўнутранага тэрарызму".

Ён сцвярджае, што "левыя" і "дэмакраты" вінаватыя ў падпалах дылерскіх цэнтраў Tesla і аўтамабіляў.

“І я думаю, што тут дзейнічаюць таксама вялікія сілы. То бок, я не ведаю, хто гэта фінансуе і хто каардынуе, таму што гэта проста вар'яцтва. Я ніколі не бачыў нічога падобнага. Tesla проста вырабляе электрамабілі і нічога не зрабіла, каб заслужыць гэтыя зласлівыя нападкі”, - сказаў Маск.

Бізнэсовец мяркуе, што адной з прычын гэтай нянавісці можа стаць яго актыўная пазіцыя супраць карупцыі і марнатраўнасці ва ўрадзе. Ён мяркуе, што людзі, якія атрымліваюць выгаду ад гэтых злоўжыванняў, такім чынам помсцяць яму і Tesla.

Апошнія навіны