BE RU EN

«Мама, я думала, што мяне немагчыма здзівіць»

  • 19.03.2025, 12:49

Беларуска расказала пра школу мары ў Польшчы.

Чытачка сайта Charter97.org з Беластока расказалала, як пераезд у Польшчу перанесла яе дачка школьнага ўзросту:

- Кожны пераезд – гэта неймаверны стрэс, напружанне, але разам з тым і новыя адкрыцці. Так здарылася і з нашай сям’ёй. Змена месца азначае змену школы. Школа ж для дзіцяці – гэта самае важнае на этапе навучання.

Мая дачка кажа, што яна ўвойдзе ў кнігу рэкордаў Гінэса ў змене школ. Спачатку ў Беларусі зліквідавалі прыватныя школы, і мы вымушаныя былі пайсці ў Менску ў дзяржаўную гімназію, адчуўшы ціск ідэалагічнай машыны.

Потым была школа ў Беластоку. Будынак анічым не адрозны ад школы ў Менску, але падручнікі – фантастычныя. Мне балела душа, якія ж абдзеленыя нашы вучні нават кніжкамі.

Але вось у цэнтры Польшчы мяне ўразілі новыя аспекты адукацыйнай установы. Па школе нам праводзілі экскурсію больш за 2 гадзіны. Гэта сапраўды вялікая школа. Але ж рэч не ў памерах.

Найперш звяртае на сябе ўвагу разнастайнасць кабінетаў.

Кабінет спазнавання свету – гэта пакой з рознымі прыладамі: тут і басэйн з кулькамі, якія падсвечваюцца рознымі колерамі, і мікраскопы, і размаітыя сэнсарныя прылады, і праектар з рознымі рухомымі гульнямі.

Кабінет гімнастыкі — з мяккімі кубікамі, сценкай для скалалажання.

Вялізная спартовая зала з трыбунамі, якая ў выпадку патрэбы дзеліцца на тры меншыя.

Кабінет стаматолага, у выпадку патрэбы – запісвайся і лячы зубы.

Кабінет флюарызацыі зубоў – месца для пакрыцця зубоў фторам. Тут гэтая практыка распаўсюджаная ва ўсіх школах.

Асобная рэкрэацыйная зона для дыскатэк са светлавой музыкай.

Бібліятэка і чытальная зала з сучаснымі каляровымі кніжкамі – ажно вочы разбягаюцца!

Ну і яшчэ кабінет псіхолага – не проста крэсла і стол, а поўны розных прылад псіхолага: тут табе і балансір, і басэйн з кінетычным пяском, і процьма іншых невядомых мне прадметаў.

Ну і на заканчэнне зайшлі мы ў клас дачкі. Там, як і ў кожным кабінеце, кампутар, праектар, інтэрактыўная дошка. Гэта ўжо як абавязковае абсталяванне кожнага класа.

Выйшлі мы ў школьны двор, і дачка сказала: “Мама, я думала, мяне немагчыма здзівіць, але ж гэта казачная школа”. У двары школы нас таксама чакала здзіўленне. Пад шатамі хвой — сучасны стадыён з мяккім пакрыццём (пляцоўка для міні-футболу, баскетболу і валейболу, трэнажоры).

Уся гэтая раскоша даступная жыхарам паселішча прыблізна такога як беларускія Салігорск або Ліда.

Прыгадваецца лозунг з савецкіх часоў: Два светы – два дзяцінствы. Вельмі трапна, проста дадаць няма чаго…

Апошнія навіны