BE RU EN

Зяленскі заявіў пра масаваны напад расейскіх дронаў-камікадзэ на Украіну пасля размовы Трампа з Пуціным

  • 19.03.2025, 9:56

Ёсць траплянні ў цывільную інфраструктуру.

Уночы 19 сакавіка Расея атакавала Украіну некалькімі дзясяткамі ўдарных беспілотнікаў, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

«У нашым небе амаль 40 «Шахедаў», працуе СПА. …> На жаль, ёсць траплянні ў цывільную інфраструктуру», — напісаў Зяленскі а гадзіне ночы ў тэлеграм-канале.

Паводле ягоных звестак, напады зазналі не менш за дзевяць рэгіёнаў: Кіеўская, Жытомірская, Сумская, Чарнігаўская, Палтаўская, Харкаўская, Кіраваградская, Днепрапятроўская і Чаркаская вобласці. У Сумах адзін з дронаў трапіў у шпіталь.

«Менавіта такія начныя атакі Расеі руйнуюць нашу энэргетыку, нашу інфраструктуру і нармальнае жыццё украінцаў. …> Сёння [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін фактычна адпрэчыў прапанову аб поўным спыненні агню. Было б правільна, калі б свет адказаў адмовай на ўсе спробы Пуціна зацягнуць вайну. Санкцыі супраць Расеі. Дапамога Украіне», - адзначыў Зяленскі. Чарговая атака расейскіх беспілотнікаў на Украіну адбылася праз некалькі гадзін пасля тэлефоннай размовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Пуціна. Па выніках перамоў прэс-служба Крамля паведаміла, што прэзідэнт аддаў загад расейскім вайскоўцам спыніць удары па энэргетычнай інфраструктуры Украіны.

Зяленскі, у сваю чаргу, звярнуў увагу, што Пуцін не пагадзіўся на прапанаванае ЗША 30-дзённае замірэнне. Паводле ягоных слоў, Крэмль працягвае рэалізацыю наступальных планаў, у Запарожскай вобласці, а таксама ў раёнах Харкава і Сум. «Мэта гэтых дзеянняў - даць максімальны ціск на Украіну, каб затым дыктаваць ультыматыўныя ўмовы з пазіцыі сілы. Я б вельмі хацеў, каб прэзідэнт Трамп пачуў і ўбачыў, чаго хоча Пуцін», - сказаў Зяленскі.

Таксама, паводле слоў украінскага прэзідэнта, патрабаванні Пуціна аб спыненні мабілізацыі ва Украіне і паставак узбраення для УСУ ў якасці ўмовы для ўсёабдымнага замірэння накіраваныя на паслабленне ўкраінскага войска. Гэты ультыматум ужо гучаў у пачатку вайны, нагадаў прэзідэнт: «Пуцін бачыць, што ЗША могуць рабіць такія крокі, і таму ён уздымае менавіта тое, што разумее, што можа спрацаваць».

Апошнія навіны