У РФ заявілі аб «маштабным прарыве» УСУ ў Белгародскай вобласці
- 19.03.2025, 8:39
Пачалася тэрміновая эвакуацыя жыхароў.
У войскаў РФ у разгар наступу ў Курскай вобласці пачаліся праблемы ў памежжы Белгародчыны.
Шэраг Z-каналаў у паніцы напісалі аб маштабным "прарыве" УСУ праз мяжу. Што адбылося напраўду, высвятляў Dialog.UA.
Апублікаваныя кадры пацвярджаюць актывізацыю баёў паміж Сіламі абароны Украіны і УС РФ на некалькіх адцінках у Белгарадскай вобласці РФ.
Як мяркуецца, сутыкненні адбыліся ў вёсках Дзямідаўка, Мар'іна, Прылессе і Ліпцы.
Канал "ВЧК-ОГПУ", які звязваюць са спецслужбамі РФ, сцвярджае, што РФ пачала тэрміновую эвакуацыю жыхароў прымежнага сяла Чырвоная Яруга і іншых населеных пунктаў гэтага раёна.
“УСУ проста ўдзень закапалі і прыбралі “зубы дракона”. Ідуць баі. Чакаецца, што ноччу УСУ выкарыстоўваюць рэзервы. Калі гэта адбудзецца, то сітуацыя для УС РФ стане вельмі складанай”, - напісаў расейскі канал.
Ён сцвярджае, што ў раён тэрмінова перакінуты войскі спецыяльнага прызначэння УС РФ. “Чакаецца ўдар яшчэ аднаго “кулака”: у раёне пасёлка Залочаў (Харкаўская вобласць) УСУ назапасілі значныя сілы”, - напісаў расейскі рэсурс.
Z-канал “Паўночны канал”, звязаны з расейскім войскам, таксама чакае больш магутнага ўдару УСУ. “На мяжы працягваецца рух. Варожыя групы шнараць уздоўж мяжы і не сядзяць склаўшы рукі: невялікія групы прамацваюць нашы пазіцыі, а сапёры расчышчаюць праходы. Не падобна, каб такія рэчы рабіліся проста так. Вораг рыхтуе пляцоўку і збіраецца яе выкарыстоўваць”, - паведаміў ён.
Расейскі вайсковы экспэрт Ян Мацвееў, каментуючы актывізацыю баёў на Белгародчыне, выказаў меркаванне, што гэта спроба адцягнуць расейскія сілы з Курскага кірунку.
“Усё гэта не падобна на паўнавартасны наступ, хутчэй, на сур'ёзны манеўр, каб прымусіць расейскае камандаванне перакінуць сілы з Курскай вобласці для абароны астатняй мяжы. Пакуль рана рабіць сур'ёзныя высновы”, - напісаў ён у Telegram.
З заявай выступіў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі РНБА Украіны Андрэй Каваленка. З ягоных звестак, баі - гэта вынік актыўнасці ў гэтым раёне расейскіх сіл.
“Расейцы падцягнулі войскі да мяжы на Белгародчыне, працавалі іх дыверсійныя групы. Вядома, у такіх выпадках Сілы абароны дзейнічаюць і нівеліруюць пагрозы”, - напісаў афіцэр.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў і вайсковец УСУ, які ананімна вядзе блог пад назвай “Бахмуцкі Дэман”.
“Расейская ДРГ з боку Белгарада спрабавала зайсці. У адказ атрымала… і нашыя зайшлі на тэрыторыю Белгародчыны. Але аб прарыве мяжы пакуль гаворкі не ідзе”, - запэўнілі ваяры УСУ.