У сацсетках узнялі чарговую праблему са здачай грошай у банкі
- 18.03.2025, 14:42
Гэтым разам размова не пра даляры і еўры.
Банкаматы "Альфа-Банка" ў Беларусі, як паскардзілася беларуска, адмаўляюцца прымаць 100-рублёвыя купюры ўзору 2022 года. У каментарах ёй растлумачылі, што "ўсё ж санкцыі і састарэлае праграмнае забеспячэнне", піша CityDog.
Беларуска апублікавала фота экрана банкамата з апавяшчэннем, што такія банкноты "часова не прымаюцца", і пытаецца: "Што за новыя жарты ў "Альфа-Банка"?"
У каментарах беларусцы патлумачылі, у чым можа быць праблема. Адзін з карыстальнікаў напісаў, што банкаматы ў Беларусі працуюць на замежным абсталяванні, а з-за санкцый банк не можа абнавіць праграмнае забеспячэнне. Менавіта таму новыя купюры "проста не распазнаюцца".
“Фактычна, нашыя банкаматы не атрымліваюць ніякіх абнаўленняў. У тым ліку для закрыцця крытычных уразлівасцяў”, - напісаў zhuravskiy_spy.
Як высветлілася, гэта тычыцца не толькі "Альфа-Банка". Карыстальнікі пішуць, што з такім жа сутыкаліся і ў "Беларусбанку". Нехта дадаў, што раней банкаматы проста “моўчкі” не прымалі грошы, а цяпер хаця б пішуць пра гэта на экране.
Некаторыя знайшлі развязанне: уносіць грошы праз касу ці праз паштовыя аддзяленні без камісіі. А хтосьці проста напісаў: "Даўно ўжо гэтая халера", - і змірыўся.
Нагадаем, у беларусаў таксама ўзнікаюць цяжкасці з абменам валюты праз яе вонкавы выгляд - ад цвілі да механічнага пашкоджання.