BE RU EN

У Беларусі на станцыях тэхагляду сталі чэргі

  • 18.03.2025, 20:51

На станцыі патлумачылі, у чым прычына.

12 сакавіка ДАІ Гарадзенскай вобласці ў сваім Instagram апублікавала гучную навіну аб тым, што цяпер кожная камера на дарозе можа фіксаваць няпройдзены тэхагляд.

“Усе камеры кантролю хуткасці, а таксама камеры маніторынгу ва ўсёй Беларусі зараз паралельна правяраюць дзяржаўны тэхагляд аўтамабіля, і калі яго няма, робяць аўтаматычнае фота парушэння, а следам вам прыляціць “ліст шчасця” са штрафам”, - папярэдзіла ДАІ. Гэтая інфармацыя была апублікаваная і праз дзень пасля публікацыі знікла, зазначае abw.by.

Нехта ўспрыняў навіну скептычна, а нехта паехаў на тэхагляд. На некаторых станцыях дыягностыкі з'явіліся чэргі. Прадпрыемства "Белтэхагляд" паказала, як выглядае сітуацыя на дзвюх станцыях.

"Чэргі на дыягнастычных станцыях №210 у Менску і №200 у Берасці пасля навіны аб тым, што адсутнасць тэхагляду будуць фіксаваць камеры", - так падпісалі ў "Белтэхаглядзе" гэтыя фота.

Нагадаем, штраф за адсутнасць дазволу на ўдзел у дарожным руху выпісваецца толькі раз на дзень, а не пры кожным траплянні ў аб'ектыў камеры.

Калі парушэнне зафіксавала камера, то на першы раз прадугледжанае папярэджанне.

Другім разам на працягу года штраф складае 0,5 б.а. (21 рубель). Трэці і наступныя разы на працягу года - 2 б.в. (84 рублі).

Апошнія навіны