«У мяне нават YouTube не грузіць вечарамі»
- 18.03.2025, 19:47
Беларусы абураны нізкай хуткасцю інтэрнэта ў краіне.
Беларуска запісала эмацыйнае відэа ў TikTok, у якім расказала, як складана працаваць дыстанцыйна праз нізкую хуткасць інтэрнэту.
“Чаму ў нас у Беларусі такі вісіць інтэрнэт? Як у 90-ыя. Пакуль файл зацягнецца, дэдлайн ужо прайшоў”, - абураецца дзяўчына.
Паводле ейных слоў, у яе быў падключаны інтэрнэт і ад А1, і ад "Белтэлекам". Розніцы кліентка не заўважыла. Хіба што, у кошце.
“Я проста не магу зразумець у чым справа. У Азіі людзі посуд мыюць у лужынах, але затое інтэрнэт у іх значна лепшы, чым у нас. А мы - цывілізацыя! Можа з Іланам Маскам пагаварыць?”, - пажартавала аўтар відэа.
З моманту публікацыі ролік набраў больш за 53 тысячы праглядаў і амаль 500 каментароў. Адны пацвярджалі яе словы, іншыя раілі змяніць правайдэра або наладзіць абсталяванне. Нехта адзначыў, што мабільны інтэрнэт часам працуе лепш, чым хатні Wi-Fi.
“Рэч не ў інтэрнэце, а ў мадэме. З wi-fi ён выдае не больш за 50 КБ/с. Усунь кабель у ноўтбук і будзе лятаць інтэрнэт”.
“Колькі гадоў сядзеў на by-fly, усё было ідэальна. Цяпер на А1 і таксама ўсё добра. Што я раблю не так?”.
"За апошнія гады ўсё настолькі пагоршылася, што нават у 2008 сувязь была на парадак лепшая".
“Бо канкурэнцыі няма. А1 не ўсюды можа пракласці нармальную сувязь, а ў “Белтэлекама” банальна ўзровень 10 года”.
“Тая ж праблема. У мяне нават ютуб не грузіць вечарамі”.
“У Беларусі не было і няма нармальнага інтэрнэту. Затое кошты падвышаць яны ўмеюць. Упэўнены, што ў нас найгоршы інтэрнэт у Еўропе”.
Што гаворыць статыстыка?
Паводле звестак міжнароднага сэрвісу Ookla, у лютым бягучага года Беларусь займае 101-е месца са 103 краін у хуткасці мабільнага інтэрнэту.
Беларускі мабільны інтэрнэт у сярэднім дае хуткасць сцягвання — 19 Мбіт/с, хуткасць загрузкі — 9,47 Мбіт/с, а сеткавая затрымка ў сярэднім складае 27 мс.
У хуткасці мабільнага інтэрнэта нашу краіну пакідаюць за флангам усе суседзі:
Літва - 28-е месца;
Латвія - 24-е месца;
Польшча -43-е месца;
Украіна - 78-е месца;
Расея -88-е месца.
Беларусь саступае нават Самалі, Лібіі, М'янме і Іраку. Адразу за Беларуссю размясціліся Сірыя і Балівія, якія замыкаюць рэйтынг.
З хуткасцю шырокапалоснага інтэрнэту ў Беларусі справы лепшыя, чым у мабільнай. У лютым 2025 года наша краіна заняла 85-е месца са 181, гэта значыць нават апынулася ў першай палове спіса.
Сярэдняя хуткасць запампоўкі ў Беларусі - 77,78 Мбіт/с, сярэдняя хуткасць перадачы звестак - 53,03 Мбіт/с. Абодва паказчыкі за год выраслі, а сярэдняя сеткавая затрымка як была 5 мс, так і засталася.
Але суседзі нашай краіны абганяюць яе і тут. Польшча ў хуткасці фіксаванага інтэрнэту - на 28-м месцы, Латвія - на 56-м, Расея - на 67-м, Украіна - на 73-м.
Усё гэта гаворыць аб тым, што беларускі інтэрнэт саступае не толькі еўрапейскім краінам, але і найбліжэйшым суседзям.