Літоўскія эліты разглядаюць рэжым Лукашэнкі як галоўную пагрозу
- 17.03.2025, 15:25
Яшчэ адна пагроза - Расея.
Літоўскія эліты разглядаюць як галоўную пагрозу для краіны ў найбліжэйшыя пяць гадоў пагрозу з боку Расеі і Беларусі.
Са звестак апытання, якое правёў партал Delfi, галоўным выклікам пагрозы з боку Расеі і Беларусі назвалі 257 прадстаўнікоў літоўскай эліты.
На другім месцы, на думку 226 рэспандэнтаў апытання, знаходзіцца рост нестабільнасці ў свеце і пачуццё неабароненасці, якое ўзмацняецца. 209 рэспандэнтаў важным выклікам таксама назвалі дэмаграфічную яму і нізкую нараджальнасць.
Акрамя таго, удзельнікаў апытання папрасілі ацаніць, якімі будуць наступныя пяць год для Літвы. Большасць - 761 - прадстаўнікоў эліты прагназуюць, што істотнага прагрэсу ў краіне не будзе. 189 рэспандэнтаў меркавалі, што Літву чакае вялікі прагрэс, а 6 заявілі, што краіна сутыкнецца з рэгрэсам.
Апытанне меркавання літоўскай эліты з 27 снежня мінулага года да 27 студзеня гэтага года на замову Delfi правёў часопіс Reitingai. Было апытана 1 142 чалавекі: палітыкі, прадстаўнікі бізнэсу, эканамісты, дзяржаўныя службоўцы, кіраўнікі і прадстаўнікі СМІ, грамадскія дзеячы, а таксама дзеячы поп-культуры, моды і інтэрнэту.