Гарадзенскі мясакамбінат выпусціў каўбасу з зубра
- 28.04.2022, 20:21
Зубр унесены ў Чырвоную кнігу.
У чацвер сайт koko.by размясціў цікавую інфармацыю. На прылаўках сталічнай крамы «Еўраопт Палаца» сярод іншых мясных вырабаў з'явілася прадукцыя Гарадзенскага мясакамбіната, зробленая з мяса зубра, - каўбаса і вянгліна. Усё б нічога, але зубр, які ўважаецца неафіцыйным сімвалам Беларусі, дагэтуль унесены ў Чырвоную кнігу.
Гучыць, вядома, дзіўна і неадназначна. Па каментар onliner.by звярнуўся да прадстаўнікоў Гарадзенскага мясакамбіната. Журналісты датэлефанаваліся туды, з маркетынгу іх перанакіравалі ў аддзел якасці, аднак і там наконт зуброў былі нешматслоўныя: «Сыравіна на прадпрыемства паступае згодна з нарматыўнай дакументацыяй у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі». Ад больш дэталёвых каментароў праз тэлефон адмовіліся.
Сітуацыю ў выніку крыху растлумачылі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету:
- У зубра ў Беларусі два статусы. Па-першае, ён жывёла з Чырвонай кнігі, а па-другое, ёсць спецыяльны рэзервовы генафонд. Да яго належаць траўмаваныя жывёлы, старыя, якія не ўдзельнічаюць у размнажэнні і не нясуць каштоўнасці для віду. Кожную асобіну ў рэзервовы генафонд пераводзяць камісіяй. На такіх жывёл дазволенае паляванне. Таму мяса, якое з'явілася [на мясакамбінаце], - гэта, хутчэй за ўсё, мяса зубра з рэзервовага генафонду.
Любая прадукцыя палявання або атрыманая іншым шляхам, перш чым патрапіць на мясакамбінат, праходзіць неабходныя аналізы і розныя інстанцыі. І толькі пасля засведчання аб яе прыдатнасці, якое выдаюць лабараторыі, мяса трапляе на вытворчасць.
Як журналістам патлумачылі, прамысловай вытворчасці прадуктаў з зубра ў Беларусі няма. І гаворка, цалкам магчыма, вядзецца пра нейкую лімітаваную партыю мясных вырабаў.
Зубр - адзіны дзікі бык Еўропы, які захаваўся да нашых дзён. У Чырвоную кнігу БССР яго ўнеслі ў 1981 годзе, у незалежнай Беларусі - праз 12 гадоў.