Расея зможа праводзіць «міратворчыя аперацыі» ў Беларусі без санкцыі ААН?
- 9.10.2007, 10:34
Рашэнні, прынятыя ў суботу на саміце АДКБ у Душанбе, ператвараюць гэтую арганізацыю з аморфнай структуры ў магутны ваенна-палітычны блок, піша "КоммерсантЪ". Кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што Крэмль хоча распаўсюдзіць рэінкарнацыю КДБ на ўсю Садружнасць незалежных дзяржаў.
Цяпер, як паведамляе «КоммерсантЪ», АДКБ стане ствараць свае міратворчыя сілы, а сябры блока змогуць купляць расейскую зброю па ўнутраных цэнах. Гэтыя крокі, а таксама прызначэнне экс-кіраўніка Службы знешняй выведкі Расеі Сяргея Лебедзева выканаўчым сакратаром СНД азначаюць, што Масква мае намер ушчыльную заняцца ўмацаваннем Садружнасці з мэтай спыніць падзенне там расейскага ўплыву і не дапусціць паўтору "каляровых рэвалюцый" на постсавецкай прасторы.
Паводле прынятага палажэння аб міратворчых сілах, АДКБ зможа ствараць брыгады міратворцаў, якія будуць мець міжнародны статус. Як растлумачыў напярэдадні генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, "зонай міратворчай дзейнасці можа стаць любая "гарачая кропка" свету". Прычым у зоне сваёй адказнасці (Арменія, Беларусь, Расея, Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан і Узбекістан) блок зможа праводзіць аперацыі абсалютна самастойна, нават без санкцыі ААН.
"Галоўнае, што ў выпадку ўзнікнення сітуацыі, якая будзе пагражаць стабільнасці і ўнутранай бяспецы адной з дзяржаў АДКБ, наша арганізацыя зможа вырашыць яе ўласнымі сіламі, без усякага знешняга ўмяшання", – растлумачылі "Коммерсанту" ў маскоўскай штаб-кватэры арганізацыі.
Зразумела, што гаворыцца "АДКБ", а маецца на ўвазе "Расея". Складана ўявіць сабе, каб, напрыклад, "навядзеннем парадку" ў Беларусі былі заклапочаныя Арменія ці Кіргізія. А вось у Крамля тут ёсць інтарэсы, якія ён цяпер можа адстойваць пры дапамозе зброі.
За дзень да правядзення саміту АДКБ новым выканаўчым сакратаром СНД стаў кіраўнік расейскай СВР Сяргей Лебедзеў. "Гэта той чалавек, які неабходны на кірунку знешняй палітыкі Расеі, якая для нас з'яўляецца прыярытэтам, — гэта СНД, — пракаментаваў Уладзімір Пуцін гэтае прызначэнне.— Сяргей Лебедзеў не проста ўзначальваў СВР, гэта чалавек, які без усякага перабольшання займаўся дзяржаўнай дзейнасцю".
Па родзе сваёй працы на ранейшым пасадзе Сяргей Лебедзеў быў, безумоўна, максімальна інфармаваны тое, што адбываецца ў кожнай краіне СНД. Фармальна СВР не вядзе выведку ў краінах Садружнасці, гэта забароненае алма-атынскім пагадненнем 1992 года, па якім спецслужбы краін СНД не працуюць адзін супраць аднаго. У 2000 годзе дзеянне гэтага дакумента было падоўжанае. І Сяргей Лебедзеў неаднаразова падкрэсліваў, што яго ведамства пагадненне строга выконвае: СВР не працуе супраць дзяржаў Садружнасці, а "узаемадзейнічае з іх маладымі выведкамі".
Зрэшты, як мяркуюць эксперты, высвятляць становішча ў той ці іншай краіне СНД можна і з нагоды процідзеяння дзейнасці спецслужб трэціх краін. А гэта СВР не толькі не забараняецца, але і ставіцца ў абавязак.
Таму кадравы выведнік Сяргей Лебедзеў здольны выканаць самыя адказныя заданні Цэнтра на постсавецкай прасторы. Былы намеснік Сяргея Лебедзева ў СВР, а цяпер намеснік кіраўніка камітэта Дзярждумы РФ па бяспецы Віталь Маргелаў мяркуе, што Сяргей Лебедзеў здолее пабудаваць нармальную канцэпцыю працы СНД: "Напярэдадні выбараў у Расеі прэзідэнт расстаўляе патрэбных людзей на патрэбныя месцы. Гэта значыць, што мы цяпер сур'ёзна зоймемся гэтым кірункам: Лебедзеву па сілах зрабіць так, каб больш не было праблем, такіх тэм, што ўзнікаюць у нас то з Беларуссю, то з Грузіяй, то з Украінай".
Зрэшты, спробы Масквы пабудаваць жорсткую структуру постсавецкай прасторы могуць зрабіць зусім не той эфект, на які разлічваюць у Крамлю. Шматлікія рэспублікі былога СССР мірыліся з існаваннем СНД шмат у чым таму, што гэтая арганізацыя ўсе апошнія гады была вельмі неэфектыўнай і практычна нічым не пагражала іх самастойнасці.
Іншая справа — СНД, якое рэальна працуе. Тым больш на чале якога цяпер пастаўлены кадравы расейскі выведнік. Усё гэта можа прымусіць шматлікія дзяржавы на постсавецкай прасторы канчаткова адкруціцца ад Масквы і шукаць апекуноў на Захадзе ці ў Кітаі.
Дзеянні прэзідэнтаў Грузіі і Туркменіі Міхаіла Саакашвілі і Гурбангулы Бердымухамедава, якія адмовіліся ў Душанбе падпісваць шматлікія выніковыя дакументы, сталі прадвеснікамі менавіта такога варыянту развіцця падзей. І такая боязь у СНД ужо гучаць.
– Лебедзеў цалкам падыходзіць на ролю таго, хто глядзіць за СНД. Ён, як і Пуцін, тыповы прадстаўнік спецслужб перыяду паўраспаду СССР, – заявіў “Коммерсанту” кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.— Мабыць, яны вырашылі распаўсюдзіць рэінкарнацыю ўсемагутнага КДБ на ўсю Садружнасць. Але галоўнае цяпер не разваліць яго да канца.