BE RU EN

Узаемаадносіны з Еўропай не ў кампетэнцыі Адміністрацыі Лукашэнкі

  • 8.10.2007, 13:49

Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч адказала на зварот прадстаўнікоў перамоўнай групы Еўрапейскага Марша.

Спадарыня Пяткевіч заявіла, што "адзначаныя ў звароце пытанні не належаць да кампетэнцыі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Нагадаем, што ўдзельнікі перамоўнай групы звярталіся да Наталлі Пяткевіч з прапановай аб сустрэчы. Дэмакраты прапаноўвалі абмеркаваць не толькі сумеснае правядзенне Еўрапейскага Марша, але і шляхі выхаду з палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне праз арганізацыю ўнутрыбеларускага дыялогу і нармалізацыю стасункаў Беларусі з Еўрапейскім Звязам.

Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктар Івашкевіч атрымаў ад намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ліст наступнага ўтрымання:

"У Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны калектыўны зварот аб арганізацыі і правядзенні ў Менску масавага мерапрыемства – Еўрапейскага Марша.

Згодна з заканадаўствам адзначаныя ў звароце пытанні не належаць да кампетэнцыі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах Рэспублікі Беларусь" заявы аб правядзенні масавых мерапрыемстваў разглядаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

У сувязі з гэтым ваш зварот накіраваны для разгляду ў Менгарвыканкам".

Такім чынам, спадарыня Пяткевіч ад сустрэчы з арганізатарамі Еўрапейскага Марша ўхілілася. Аднак трэба адзначыць, што тэмы, якія ўзнімаюцца ў звароце ўдзельнікаў перамоўнай групы Еўрапейскага Марша, заслугоўваюць самага сур'ёзнага разгляду.

Ліст аргкамітэта Еўрапейскага Марша намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч

Паважаная Наталля Уладзіміраўна,

На даручэнне аргкамітэта Еўрапейскага Марша, які адбудзецца ў Менску 14 кастрычніка 2007 года, звяртаемся да Вас з просьбай аб сустрэчы для абмеркавання пытанняў арганізацыі і правядзення гэтага мерапрыемства. Просім прызначыць сустрэчу ў любы зручны для Вас час.

Ініцыятыва правядзення Еўрапейскага Марша ўзнікла як вынік імкнення апазіцыі дамагчыся збліжэння Беларусі з Еўропай і заяў дзяржаўных органаў аб зацікаўленасці ва ўзмацненні еўрапейскага вектару. Афіцыйная пазіцыя сёння дае надзею на тое, што ў нашай краіне з'яўляецца агульнае разуменне перспектыў развіцця Беларусі. У нас захоўваюцца рознагалоссі і розныя погляды на шматлікія фундаментальныя каштоўнасці, аднак гэтыя канфлікты поглядаў не абавязкова павінны весці да канфрантацыі ўнутры беларускага грамадства. Сёння з'явілася магчымасць перавесці супрацьстаянне ў плоскасць канструктыўнага ўзаемадзеяння, іншымі словамі – знайсці тыя кропкі супадзення, якія дапамогуць далейшаму развіццю нашай дзяржавы.

Паміж уладай і апазіцыяй няма рознагалосся у тым, што тычыцца неабходнасці ўмацавання незалежнасці краіны. І улада, і апазіцыя шмат для гэтага зрабілі. Апазіцыя рабіла акцэнт на важнасць захавання незалежнасці Беларусі не толькі для беларускага народа, але і для падтрымкі еўрапейскіх каштоўнасцяў і для забеспячэння міжнароднага міру. Улада прыкладала вялікія намаганні для захавання рэальнай эканамічнай незалежнасці Беларусі.

І апазіцыя, і ўлада сёння гавораць пра тое, што супрацоўніцтва з Еўропай адчыняе для Беларусі новыя магчымасці, у тым ліку для прадухілення эканамічных цяжкасцяў, звязаных з ростам цэнаў на энергарэсурсы.

І улада, і апазіцыя згодныя ў тым, што новыя правілы стасункаў Еўразвяза з суседнімі дзяржавамі патрабуюць уліку інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Гэта тычыцца і кошту віз, і барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, і шматлікіх іншых практычных пытанняў узаемінаў з аб'яднанай Еўропай.

Можна пералічваць і іншыя аспекты, па якіх погляды апазіцыі і ўлады сёння мала чым адрозніваюцца. Такое, без перабольшання, гістарычнае супадзенне нельга не прымячаць і заставацца безуважным, бо гаворка ідзе не пра інтарэсы ўлады і апазіцыі, а пра лёс беларускага народа.

На думку па-праеўрапейску настроеных людзей, будучыня Беларусі звязаная з Еўразвязам, і чым хутчэй пойдзе рух у еўрапейскім кірунку, тым эфектыўней стануць намаганні ўлады па забеспячэнні дабрабыту народа.

У жыцці і гісторыі кожнай нацыі і дзяржавы бываюць моманты, калі неабходна рабіць выбар: асабісты, дзяржаўны і гістарычны. Такі выбар патрабуе мужнасці і шчырасці і можа быць зроблены сёння.

Ідэя дыялогу ў імя будучыні нашай дзяржавы – гэта стваральная ідэя, і яе падтрымку могуць забяспечыць людзі дальнабачныя і адказныя. Дагэтуль прамога адказу на прапанову дыялогу з боку ўлад не было. Практычным крокам па пачатку дыялогу можа стаць дамоўленасць аб сумесным і мірным правядзенні дэманстрацыі ў падтрымку еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Уявіце сабе, Наталля Уладзіміраўна, што ў цэнтры нашага цудоўнага горада 14 кастрычніка праходзіць спакойная і мірная дэманстрацыя ў падтрымку еўрапейскай будучыні Беларусі, што людзі з добрым настроем, не баючыся бессэнсоўных правакацый і дубінак, прыходзяць з сем'ямі, як еўрапейцы, у цэнтр еўрапейскага Менска, што арганізатары, не асцерагаючыся подласці і гвалту з боку людзей у форме, запрашаюць у Менск еўрапейскіх зорак, якія разам з беларускімі выканаўцамі арганізуюць ля Нацыянальнай бібліятэкі сапраўднае еўрапейскае свята… Менавіта гэта мы і хацелі б бачыць на Еўрапейскім Маршы.

Мы разумеем, што сваім зваротам ставім Вас у складанае становішча, бо ў ніводнай краіне дзяржаўны службовец не можа прымаць рашэння без узгаднення. Аднак спадзяемся, што Вы ўбачыце ў нашай прапанове шанец для Беларусі, для ўсіх нас. Пры асабістай сустрэчы мы змаглі б больш падрабязна абмеркаваць закранутыя тут пытанні і планы правядзення Еўрапейскага Марша.

Спадзяемся на станоўчы адказ,

Івашкевіч Віктар Антонавіч

Багданкевіч Станіслаў Антонавіч

Марыніч Міхаіл Апанасавіч

Саннікаў Андрэй Алегавіч

Хадыка Юры Віктаравіч

Апошнія навіны