BE RU EN

Таццяна Манёнак: Перамовы з «Газпрамам» легкімі не будуць

  • 8.10.2007, 11:24

У адносінах з “Газпрамам” Беларусь і Украіна – блізнюкі-сестры. У тым сэнсе, што абедзве краіны перыядычна трапляюць за даўгі пад ультыматыўныя санкцыі ўсемагутнай расійскай манаполіі. Нядаўна пад пагрозай застацца без газу знаходзілася Беларусь.

Цяпер надыйшла чарга Украіны. У мінулы аўторак “Газпрам” паведаміў сваім еўрапейскім партнерам, што Кіеў завінаваціўся яму больш за 1,3 мільярда даляраў за спажытае блакітнае паліва. Рэакцыя на гэта, як звычайна, вельмі радыкальная: “у выпадку неўрэгулявання доўгу ў кастрычніку “Газпрам” будзе вымушаны пачаць скарачэнне паставак прыроднага газа для спажыўцоў Украіны”. А да еўрапейцаў зварот скіраваны з-за таго, што ад такіх “скарачэнняў” церпяць і яны. Бо труба ж агульная.

Як аднесліся да чарговай газавай атакі на Украіну яе сябры па няшчасцю ў Беларусі? Ці прыкладаюць спажыўцы расійскага газа хоць якія-небудзь супольныя намаганні, каб пазбавіцца залежнасці ад адзінай крыніцы паставак стратэгічнага энергарэсурса?

З гэтымі пытаннямі camarade.biz звярнуўся да вядомага аналітыка энергетычнага рынка Таццяны МАНЁНАК.

- Ніякай публічнай рэакцыі беларускіх энергетычных і ўрадавых колаў на ультыматум “Газпрама” да Украіны, вядома ж, не было. Ды і быць не можа. І таму, што Беларусь суверэнная дзяржава, якая павінна тройчы думаць пра наступствы, перш чым рэагаваць на канфлікты такога кшталту. І таму, што з “Газпрамам” нашую краіну звязвае кантракт, якім на чатыры гады наперад вызначаны правілы гульні Беларусі на газавым рынку.

Гэтая вызначанасць вельмі важная для айчыннай эканомікі і ўсей дзяржавы. Нагадаю, што згодна з кантрактам, падпісаным 31 снежня мінулага года, селета Беларусь атрымлівае газ по 100 даляраў за тысячу кубаметраў, на наступны год цана складзе 67% ад кошту блакітнага паліва на еўрапейскім рынку за выняткам транспартных выдаткаў, у 2009-м — 80%, в 2010-м — 90%, в 2011-м — 100%. Так што, пачынаючы з будучага года, цана на газ для нашай краіны шчыльна прывязаная да еўрапейскай цаны. У сваю чаргу газавыя кошты на міжнародным энергетычным рынку цалкам залежаць ад коштаў нафтавых, якія апошнім часам гушкаюцца, як на арэлях.

Таму адмыслоўцам Міністэрства энергетыкі, “Белтрансгаза”, кіраўніцтву ўрада давядзецца ўдзельнічаць у вельмі складаных перамовах аб умовах пастаўкі у Беларусь расійскага газа ў наступным годзе. Па сутнасці гандаль пачаўся ўжо, хаця аб афіцыйным адкрыцці перамоваў абвесткі яшчэ не было. У такі момант вар’яцтвам было б улазіць у чужы канфлікт і псаваць адносіны з уладальнікам вельмі патрэбнага тавару, якога трэба купіць па больш-менш прыймальнаму кошту. Вядома, кіраўнікі нашага энергетычнага комплексу на такі крок не пойдуць.

Іх перамовы з “Газпрамам” легкімі не будуць. Селета з-за незвычайна цеплай зімы расійская манаполія згубіла каля 3 мільярдаў даляраў прыбытку. У яе цяпер не тая фінансавая сітуацыя, каб рабіць камусьці шчодрыя падарункі. Калі зыходзіць з сенняшніх умоў, дык у будучым годзе цана на газ для Беларусі можа скласці каля 150-160 даляраў за тысячу кубаметраў. Але варта пазмагацца і за меншы кошт. Падставы для гэтага есць.

Іх выклаў у нядаўнім інтэрв’ю “Московским новостям” намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Ен паведаміў, што калі не парушаць падпісаныя Расеяй і Беларуссю дамовы аб паступовым павышэнні цаны на газ, дык у наступным годзе, яна павінна скласці для нашай краіны120-123 даляры за тысячу кубаметраў, гэта значыць, прыкладна на 20% больш, чым селета. “Так размеркавана да 2010 года ўключна, і ніхто пакуль новых прапановаў не ўносіў”, - слушна заўважыў А.Тур.

Такім чынам, перамоўны дыяпазон па кошту газу для Беларусі на наступны год – ад 120 да 160 даляраў за тысячу кубаметраў. Цэнавы роскід, як бачыце, значны. Што не абяцае легкага жыцця перамоўшчыкам.

Натуральна, што Беларусі вельмі не пашкодзіла б у сучасных умовах далучэнне да нейкага магутнага альтэрнатыўнага энергарынку. Пакуль наша краіна атрымлівала расійскія энергарэсурсы па спонсарскіх коштах, дык можна было абыходзіцца і без яго. Але селета сітуацыя змянілася. Цэны на расійскія энергарэсурсы растуць. Нядаўна ў Беларусь прыязджаў Генеральны сакретар Энергетычнай хартыі Андрэ Мернье, які заклікаў нашу краіну хутчэй ратыфікаваць хартыю і тым самым далучыцца да еўрапейскай энергетычнай супольнасці. Заходнім краінам гэта выгадна, бо ад Беларусі ў многім залежыць надзейнасць энергатранзіту ў Еўропу. Аднак кіраўніцтва нашай краіны не адважылася на такі крок. Бо Энергетычная хартыя ў яе цяперашнім выглядзе непрыймальная для Расіі.

Безумоўна, у беларускага кіраўніцтва есць палітычнае жаданне супольна супрацьстаяць манапалісту. Напачатку селетняга года прэзідэнты Азербайджана, Беларусі і Украіны нават спрабавалі аб гэтым неяк дамовіцца. Цікаўнасць праяўлялі таксама Літва і Польшча. Аднак далей дэкларацыяў і пажаданняў справа не пайшла. Магчыма, нешта зрушыць у лепшы бок міжнародны энергетычны саміт, які хутка мае адбыцца ў Вене. Аднак калі разважаць рэальна, дык хіба што бакі дамовяцца аб транзіце каспійскай нафты у абыход Расіі з выкарыстаннем украінскага трубаправода Адэса-Броды.

Што ж тычыцца газа, дык тут рэальнай альтэрнатывы тавару “Газпрама” пакуль няма. Як няма і эфектыўных сродкаў уздзеяння на цэнавую палітыку манаполіі. Таму і Беларусі, і Украіне, і іншым еўрапейскім дзяржавам давядзецца падбіраць да яе ключы паасобку.

Апошнія навіны